Наталля Качанава правяла асабісты прыём грамадзян у Лепелі

13 июля 2018

Асабістыя прыёмы грамадзян паказваюць вызначаны зрэз у якасці працы мясцовай улады. Такі пункт погляду выказала кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Качанава. Сёння ў Лепелі яна правяла асабісты прыём грамадзян. Са сваімі праблемамі прыехалі не толькі жыхары Віцебскай вобласці, але Брэсцкай, Мінскай і Магілёўскай. Узнімаліся пытанні навядзення парадку на зямлі, павышэння іміджу невялікіх населеных пунктаў і развіцця малой радзімы. З просьбай дапамагчы ў завяршэнні будаўніцтва мемарыяла ў Смаргоні на месцы гераічных падзей Першай сусветнай вайны звярнуўся прадстаўнік грамадскага аб'яднання "Смаргонь франтавая".

Ігар Паўлаў, старшыня савета ГА "Смаргонь франтавая": "2018 год - гэта стогадовая дата заканчэння Першай сусветнай вайны. І жадалася б аддаць павагу гераічным подзвігам нашых прадзедаў, і ўсё-такі завяршыць дадзены аб'ект".

Добраўпарадкаваннем дваровых тэрыторый занепакоеная жыхарка Віцебска Таццяна Марыскіна.

У маладым мікрараёне па вуліцы Медыцынскай побач дзіцячымі пляцоўкамі знаходзіцца будаўнічы катлаван. Працы там не вядуцца ўжо некалькі гадоў. Незавершаная будоўля хоць і абнесеная плотам, але дзеці там гуляюць. Падчас прыёму таксама ўзнімаліся пытанні працаўладкавання, паляпшэння жыллёвых умоў і развіцця бізнесу.

Наталля Качанава, кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі: "Мяне радуе тое, што людзі прыходзяць не толькі па сваіх нейкім прыватных пытаннях, людзі прыходзяць з прапановамі, як развіваць той або іншы горад або раён, дзе яны жывуць. Вядома, ёсць пытанні, якія неабходна вырашаць мясцовым органам улады, і не прымушаць людзей чакаць, калі прыедзе хтосьці з кіруючых органаў".

Падчас прыёму Наталля Качанава выслухала сарок чалавек. Да вывучэння праблем будуць прыцягнутыя кампетэнтныя спецыялісты, якія прапануюць шляхі іх рашэння.