Наталля Хмялёва ўпэўненая: у працы дэпутата няма месца абыякавасці

25 февраля 2018

Якім павінен быць сапраўдны дэпутат? Гэтае пытанне падчас выбараў журналісты АТН задавалі выбаршчыкам, якія прыйшлі аддаць свой голас. Адказы беларусаў падобныя: дэпутат павінен быць чалавекам слова, ведаць, якія пытанні хвалююць людзей, быць неабыякавым і адказным, хварэць за народ. Гераіня наступнага рэпартажу, мабыць, цалкам адпавядае гэтым крытэрыям. З 2014 года Наталля Хмялёва ўзначальвае Бараньскі гарадскі Савет дэпутатаў і выканаўчы камітэт. У невялікім горадзе прайшло яе дзяцінства і юнацтва, тут пачыналіся першыя крокі па кар'ернай лесвіцы. І менавіта з гэтым горадам на поўначы Беларусі звязаныя самыя цёплыя ўспаміны. Марына Раманоўская працягне.

На гадзінніку сем дваццаць раніцы. Наталля Хмялёва паспела адказаць на некалькі тэлефонных званкоў. У невялікім горадзе Барань Аршанскага раёна ведаюць: іх дэпутат не дрэмле дваццаць чатыры гадзіны на суткі. Наталля Хмялёва ўпэўненая, што ў працы дэпутата няма месца абыякавасці. А словы заўсёды павінны супадаць з дзеяннямі.

Наталля Хмялёва, старшыня Бараньскага гарсавета дэпутатаў:

"Трэба прыкласці ўсе высілкі, каб да нас вярталася моладзь. Для гэтага нам трэба ствараць новыя рабочыя месцы. З улікам спецыфікі нашага горада новыя рабочыя месцы трэба ствараць на базе тых прадпрыемстваў, якія ўжо ёсць у горадзе. Напрыклад, на прадпрыемстве "Тэхніка сувязі" шмат незадзейнічаных плошчаў. І праца накіраваная, каб здаваць гэтыя памяшканні ў арэнду".

Рэальная дапамога ў рашэнні бытавых пытанняў, развіццё турызму ў горадзе, рамонт дарог. Гэта толькі некалькі пунктаў з перадвыбарнай праграмы тады яшчэ кандыдата ў дэпутаты Аршанскага райсавета Наталлі Хмялёвай. Мясцовыя жыхары паспелі ўпэўніцца: іх дэпутат заўсёды ставіць перад сабою толькі дакладныя задачы. І за гэта людзі гатовыя аддаваць свае галасы.

Запіс інтэрв'ю ў гарадскім скверы. Мінакі адразу пазнаюць Наталлю Хмялёву. Вітаюцца, многія дзякуюць. І гэта як раз той яркі прыклад, калі выбаршчык ведае дэпутата ў твар. А дэпутат памятае імёны людзей, якія жывуць на суседняй вуліцы.

Насельніцтва Барані - крыху больш за адзінаццаць тысяч чалавек. Тут адкрытыя дзве школы, гімназія, дзіцячыя сады, бібліятэкі, вялікі Палац культуры. Самі жыхары гавораць: у горадзе створаныя ўсе ўмовы для максімальна камфортнага жыцця.

Надзея і Аляксандр Кібіс - маладыя шматдзетныя бацькі. Выхоўваюць чацвярых дзяцей. Хутка сям'я стане шчаслівейшай яшчэ на дваіх малышоў. Нядаўна пераехалі ў новую прасторную кватэру дзесяціпавярховага дома. Дарэчы, дзевяноста працэнтаў навасельцаў - менавіта шматдзетныя сем'і. Для Наталлі Хмялёвай гэты дом па вуліцы Аршанскай - асаблівы. Вялікую працу аб інфармаванні людзей пра будаўніцтва праводзілі менавіта дэпутаты.

Пяць хвілін на машыне, і ў аб'ектыве відэакамеры прыватны жылы сектар Барані. Зімовы краявід сагравае. Наталля Хмялёва паказвае дом, дзе прайшло яе дзяцінства і юнацтва. Пра сваю малую радзіму жанчына распавядае з асаблівым трапятаннем і гонарам.

У гэтым мікрараёне дэпутат часты госць. І заўсёды жаданы. Валянціна і Уладзімір Жукоўскія нядаўна адсвяткавалі ізумруднае вяселле. Пяцьдзясят пяць гадоў душа ў душу. Гавораць, з гэтым невялікім мястэчкам на поўначы Беларусі ў іх звязаныя самыя цёплыя ўспаміны. Сваімі дзеліцца і дэпутат.

Працаўладкаванне, праца ЖКГ, добраўпарадкаванне тэрыторый. Штодня да дэпутата звяртаюцца людзі з самымі рознымі пытаннямі. Па дапамогу або проста параду прыходзяць і як да звычайнага чалавека, які жыве па суседстве. І пэўна ведае: сапраўдная любоў - у тым ліку і да малой радзімы - гэта калі ў сэрцы няма месца абыякавасці.