Наталля і Дзмітрый Трыфанавы ў дзіцячым доме сямейнага тыпу выхоўваюць больш за 10 дзяцей

14 октября 2021
Наталля і Дзмітрый Трыфанавы з Мінска ў дзіцячым доме сямейнага тыпу выхоўваюць больш за 10 дзяцей. За 20-гадовую гісторыю працы было нямала выпускнікоў. Усе падтрымліваюць сувязь і ладзяць атмасферныя сустрэчы. 

З вялікай сям'ёй пазнаёмілася Алена Вітко. Такі музычна-віншавальны марафон для Трыфанавых не рэдкасць. Зрэшты, шумна, утульна і весела тут заўсёды. У дзіцячым доме сямейнага тыпу зараз выхоўваюць 10 дзяцей. Бацькоўскую любоў і ласку ім дораць Наталля і Дзмітрый. Асаблівую ўвагу надаюць традыцыям. Усіх аб'ядноўвае, напрыклад, кулінарнае мастацтва, заняткі спортам і шматлікія экскурсіі па родных мясцінах. 

Любяць глядзець і фотаальбомы, успамінаць пацешныя гісторыі, а таксама шлях кожнага выпускніка. Іх ужо  больш за 20. Дарэчы, заўтра ўсе збяруцца разам, каб адзначыць вялікі сямейны юбілей. Дзіцячаму дому споўніцца 20!

З самым вялікім кнігасховішчам краіны сям'ю Трыфанавых звязвае многае. Тут працуе адзін з іх выпускнікоў - Мікалай Сакавец. Ён вядучы бібліёграф Нацыянальнай бібліятэкі. 

Высокі ўзровень тут трымаюць ва ўсім! І ў выхаванні, і ў арганізацыі вольнага часу! Таму і мы запрасілі вялікую сям'ю Трыфанавых падняцца на вышыню ў 73 метры на аглядную пляцоўку бібліятэкі. Акрыленыя новымі эмоцыямі і ўражаннямі ў сонечным антуражы ўсе шчыра віншавалі маму са святам! Дзіцячыя ўсмешкі на фоне сталічных ландшафтаў папоўняць сямейную фотакалекцыю.