2017-ы навуковы год павінен стаць асаблівым для развіцця тэхналогій

4 января 2017

2017-ы навуковы год павінен стаць асаблівым для развіцця ў краіне медыцынскіх тэхналогій, касмічнага прыборабудавання, энергетыкі і транспарту. Галоўны арыенцір - прарыўныя ідэі і іх практычная рэалізацыя на вытворчасці. Над якімі распрацоўкамі ўжо зараз ідуць работы? Як плануюць заахвочваць працу навукоўцаў? Навуковы патэнцыял і беларускія ноу-хау ў матэрыяле Наталлі Тарасюк. 

Гэты шарык убачыць няўзброеным вокам нельга, але можна запоўніць лекамі. Два тыпы кантэйнераў розных памераў - распрацоўка маладых навукоўцаў Акадэміі навук. Праект па сутнасці "разумнага дома" для лекавых рэчываў ужо атрымаў прэмію Алфёраўскага фонду. 

Вікторыя Кулікоўская, загадчык лабораторыі Інстытута хіміі новых матэрыялаў НАН Беларусі: "Мы распрацоўвалі кантэйнеры для супрацьпухлінных рэчываў. Як вядома, гэта рэчывы, якія валодаюць высокай таксічнасцю. Нашай мэтай было, зніжаючы частату дазіроўкі, паспрабаваць павысіць эфектыўнасць дзеяння гэтага прэпарату, каб знізіць пабочныя эфекты. Уключэнне ў нашы кантэйнеры на аснове поліцукрыдаў дазволіла павялічыць эфектыўнасць лекавага прэпарату ў 9 разоў". 

Больш за тое, распрацоўшчыкі "вучаць" прэпарат пакідаць свой кантэйнер у арганізме чалавека менавіта ў хворым месцы. А вось гэтыя плёнкі нашы навукоўцы могуць засяліць стваловымі клеткамі і нават запраграміраваць час распаду носьбіта. У складзе нанаразмернае срэбра, вядомае сваёй антыбактэрыцыднай уласцівасцю. Выкарыстоўваць такі пластыр, напрыклад, могуць хірургі для прадухілення спаек. Выпрабаванні дзве гэтыя распрацоўкі прайшлі толькі  на клетках.

А вось праект навукоўцаў Інстытута машынабудавання ўжо сыходзіць з канвеера. У выглядзе электрагідраўлікі для трактароў. 

Яўген Строк, загадчык лабораторыі Аб'яднанага інстытута машынабудавання НАН Беларусі: "Гэтая сістэма змяшчае кіраванне навясной прыладай і знешнімі спажыўцамі. Навясная прылада непасрэдна агрэгатуе з плугам ці сеялкай і забяспечвае з дапамогай сістэмы кіравання (кантралёра, пульта кіравання, датчыкаў цягавага супраціўлення) зададзеную глыбіню ворыва". 

Сёлета ў інстытуце будуць ствараць аўтаматычныя сістэмы капіравання рэльефу глебы. 2017-ы можа стаць паваротным і ў стварэнні электрамабіляў: заяўка на выпуск ста такіх машын ужо ёсць. Сур'ёзныя перспектывы і па частцы беспілотнікаў. 

Сяргей Чыжык, першы намеснік старшыні прэзідыума НАН Беларусі: "Наша сіла ў тым, што мы павінны думаць над нагрузкай, якую нясуць гэтыя беспілотнікі. Яны павінны даваць усё больш разнастайнай інфармацыі. Гэта не толькі візуалізацыя. Гэта і спектральны аналіз стану прыроднага покрыва, прагноз ураджайнасці, стану глеб".

Каб планы і напрацоўкі ўвасобіліся ў канкрэтныя праекты, асаблівую ўвагу будуць надаваць кадраваму пытанню. Мэта нумар адзін у 2017-м - стварыць навукоўцам усе ўмовы для камфортнай і плённай працы. 

Аляксандр Шумілін, старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Беларусі: "Выканаў кваліфікацыйныя патрабаванні, абараніў праз тры гады дысертацыю - калі ласка, мы будзем прапаноўваць. Атрымай, напрыклад, жыллё, кватэру і 20 гадоў растэрміноўкі па выплаце. Калі чалавек вырашыў заняцца бізнэсам, то тады вазьмі крэдыт на агульных умовах, заплаці кошт гэтай кватэры, і яна застанецца ў цябе". 

Акрамя ключавой дапамогі маладым навукоўцам ад дзяржавы ў вырашэнні жыллёвага пытання, ёсць прапановы сёлета перагледзець яшчэ і тарыфныя стаўкі аплаты працы даследчыкаў.

Сёлета беларускія навукоўцы свае самыя перспектыўныя распрацоўкі пакажуць на буйных міжнародных выставах. Напрыклад, новыя праекты ў сферы энергетыкі павязуць у Маямі. Новыя лекі і методыкі лячэння прэзентуюць ужо на выставачнай пляцоўцы ў Дубаі. Усяго ж да 2020 года плануецца выпусціць інавацыйнай прадукцыі на 7 мільярдаў рублёў і стварыць больш за тысячу навінак. Гэта будуць новыя машыны, матэрыялы, сарты раслін і  лекавыя прэпараты.