Настаяцель касцёла ў Росіцы вырошчвае кветкі

8 марта 2016

Яшчэ не сышоў снег, а ў беларускай Росіцы ўжо квітнеюць цюльпаны і гіяцынты. Кветкі вырошчвае настаяцель мясцовага касцёла ксёндз Часлаў Курэчка. Лаўрэат прэміі Прэзідэнта "За духоўнае адраджэнне" - вядомы кветкавод. Магноліі, архідэі, лілеі, бэз - з ранняй вясны і да позняй восені Росіца - у кветках. А ў пачатку сакавіка ўсе жыхаркі вёскі абавязкова атрымліваюць ад Часлава Курэчкі ў падарунак букет. 

Росіцкія цюльпаны зараз стаяць у вазе і ў нашага карэспандэнта Вольгі Маслоўскай.

Кветкамі Часлаў Курэчка захапляецца з дзяцінства - іх вельмі любіла маці. Дзе б не працаваў святар, найперш разбівае кветнік. Калі восем гадоў таму прыехаў у Росіцу, вырашыў упрыгожыць мясцовую сажалку німфеямі. Дзеля гэтага нават падводным плаваннем прыйшлося заняцца.

Летам Росіца патанае ў кветках. Ля касцёла - не менш за 300 відаў раслін, дэкаратыўных кустоў і дрэў. Нават зараз, у пачатку вясны, каб апынуцца ў красавіку, дастаткова зайсці да Часлава Курэчкі ў госці.

У імправізаванай цяпліцы больш за 10 сартоў цюльпанаў. Водар росіцкіх кветак ведаюць нават за мяжой.

У Росіцу круглы год прыязджаюць турысты з розных краін свету. І напярэдадні 8 Сакавіка ніводная жанчына не застаецца без букета цюльпанаў. Жыхаркі Росіцы з удзячнасцю прымаюць кветкі.

Жанчынам з суседніх вёсак сакавіцкае прывітанне ксёндз перадае з паштальёнам. Чырвонымі цюльпанамі любуюцца ўдзельніцы самадзейнага калектыву “Сар’яначка”. Даўнія знаемыя Часлава Курэчкі ў адказе за добры настрой вяскоўцаў падчас усіх святаў.

Добры настрой сваімі рукамі вучаць ствараць у творчай майстэрні, што працуе ў Верхнядзвінскай гімназіі. 3D-паштоўкі ў тэхніцы “скрапбукінг” і кветкі хэнд-мэйд водар жывых кветак не заменяць, але стануць модным дапаўненнем да іх.

На майстар-клас прыходзяць нават дарослыя мужчыны. Агульнае правіла для ўсіх – падарунак павінен быць зроблены з любоўю. Тады і ў снежным сакавіку ў душы будуць квітнець першацветы.