Сапраўдны зімовы снегапад дабавіў работы дарожнікам і камунальнікам

4 февраля 2015

Цэлы дзень мінчан радуе сапраўдны зімовы снегапад. Вось толькі дарожнікам і камунальнікам не да забаў – снег з вуліц і двароў трэба прыбіраць своечасова. Работы вядуцца на галоўных магістралях, снег расчышчаюць на прыпынках, пешаходных дарожках і лесвіцах.

Антаніна Станкевіч даведалася, каму снегапад у радасць, а для каго – няпростая работа.

На ўзбраенні дарожнікаў і камунальнікаў – каля 300 трактароў, самазвалаў і снегаўборачных машын. Працуюць па ўсёй сталіцы, хоць прыярытэт аддаюць цэнтральным вуліцам і праспектам. Яшчэ больш за паўтысячы чалавек сёння прыбіраюць снег на прыпынках, пешаходных дарожках і лесвіцах.

Частка работ запланавана на ноч. Пераменлівае надвор’е абавязкова прынясе на дарогі галалёдзіцу. А таму, як толькі пахаладае – трэба будзе апрацаваць дарогі супрацьгалалёднымі рэагентамі.

А вось звычайныя людзі радуюцца сапраўднай зіме. Усё ж такі яна павінна быць з маразамі і снегам і са стандартнымі зімовымі забавамі: лыжамі, санкамі і гульнёй у снежкі.

Такое снежнае надвор’е сёння захаваецца да ночы.