Сапраўдны прарыў у медыцыне

9 июня 2015

Беларускія ўрачы сёння першыя ў свеце правялі аперацыю па выдаленні ў нованароджанага грыжы жывата. Аперацыю праводзілі ў РНПЦ дзіцячай хірургіі. І як запэўнілі ўрачы, яна прайшла паспяхова. Тэхналогію лячэння прыроджанай грыжы ў немаўлят распрацавалі хірургі нашага цэнтра. Раней такую грыжу аперыравалі ў некалькі этапаў і на працягу 5-6 гадоў. Зараз з улікам спецыфікі дзіцячага арганізма метад дапрацавалі і для поўнага выздараўлення неабходныя толькі дзве аперацыі. Пра выратаванне маленькіх беларусаў - рэпартаж Улады Карніцкай.

Замест доўгіх гадоў хваробы, непаўнацэннага жыцця і дзясятка аперацый - усяго дзве. Менавіта такі метад лячэння прыроджанага дэфекту брушной поласці распрацаваў урач Цэнтра дзіцячай хірургіі Андрэй Запалянскі. На дадзены момант такія аперацыі нованароджаным нідзе ў свеце больш не робяць.

Андрэй Запалянскі, дзіцячы хірург Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра дзіцячай хірургіі: "Сутнасць методыкі заключаецца ў паступовым выцягванні пярэдняй брушной сценкі і стварэнні дастатковага аб'ёму, каб цалкам закрыць дэфект да першага месяца жыцця. Гэта методыка з поспехам прымяняецца ў дарослай хірургіі, але ў нашым цэнтры і ў Беларусі ўпершыню ўжыта для лячэння нованароджаных дзяцей".

Гэтаму хлопчыку ўсяго 8 дзён. Грыжу ў вобласці яго жывоціка медыкі выявілі, калі малы сам быў у жываце ў маці. Таму да з'яўлення дзіцяці падрыхтаваліся загадзя.

Прама зараз малога рыхтуюць да аперацыі. Для яго яна ўжо другая і доўжыцца будзе максімум тры гадзіны. Але, гавораць спецыялісты, гэта ўсяго толькі. Бо раней дзеткам з такім дыягназам для выздараўлення было неабходна мінімум 5-6 гадоў.

Новая методыка - гэта тандэм хірургіі і траўматалогіі. Але цалкам яе сутнасць урачы пакуль не раскрываюць, бо тэхналогія яшчэ не запатэнтавана. Аднак ужо дакладна вядома, спатрэбіцца яна можа прыкладна дзесяці нованароджаным беларусам. Менавіта такая штогадовая статыстыка па амфалацеле, так па-навуковаму называецца гэта паталогія. Але тут, у дзіцячым хірургічным цэнтры, толькі сёлета ўжо правялі яшчэ 2 абсалютна новыя аперацыі - па лячэнні пароку сэрца ў немаўляці з крытычнай масай цела (усяго 1 кілаграм) і па лячэнні пароку стрававода, прычым без скальпеля.

Аляксандр Махлін, намеснік дырэктара па медыцынскай частцы Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра дзіцячай хірургіі": "Апошнім часам вызначылася тэндэнцыя, калі да нас прыязджаюць дзеці, якія былі аперыраваны ў іншых пунктах, - у Германіі, у Расіі, на Украіне. Яны прыязджаюць, на жаль, перарабляць тое, што ўжо было зроблена".

У цэнтры адначасова лечацца каля 200 малышоў з усёй краіны, каля 30 з іх у гэтыя хвіліны знаходзяцца ў рэанімацыі. За год пасля лячэння выпісваюцца амаль 10 тысяч дзяцей. І ўжо літаральна праз месяц маці маленькага пацыента, якога прааперыравалі сёння, таксама зможа забраць яго з клінікі зусім здаровым.