Сапраўдны патоп перажываюць жыхары аднаго з інтэрнатаў у Навагрудку

26 февраля 2019

Вада са столі сцякае ручаямі, вакол цвіль і вільготнасць. Прычына ў старым даху, які гадамі ніхто не рамантаваў. Ва ўладальніка будынка - мясцовай будаўнічай арганізацыі – не хапае на гэта сродкаў. У выніку цэлы паверх стаў непрыдатным для пражывання. У праблеме разбіраўся Юрый Карняловіч.

Аляксей Бесараб у інтэрнат Навагрудскага ПМК засяліўся ўсяго год таму. Праўда, радавацца асобнаму жыллю доўга не прыйшлося. Ужо ў пачатку зімы на столі з'явіліся падцёкі, а пах сырасці не выветрываўся нават пры скразняку.

А вось суседку Сняжану Крывіцкую пастаянны дождж са столі прымусіў шукаць новае жыллё. Пасля шматразовых зваротаў да кіраўніцтва прадпрыемства маладую маму перасялілі ў пакой паверхам ніжэйшым. У свае ранейшыя апартаменты жанчына нават заходзіць баіцца.

Праблемы ў інтэрнаце былі даўно. Капітальнага рамонту тут не праводзілі дзесяцігоддзямі.

Сёння на пятым паверсе гэтага інтэрната не тое што жыць - проста знаходзіцца небяспечна. Са столі пастаянна капае вада, абсыпаецца тынк, а вільготнасць перавышае ўсе дапушчальныя нормы. Адной з прычын бяздзейнасці кіраўніцтва ПМК стала рэарганізацыя былога ўласніка будынка. Інтэрнат як бы перадалі на баланс будаўнічай арганізацыі, але афіцыйнага рашэння яшчэ не было. Ды і з фінансамі ў цяперашняга ўладальніка сур'ёзныя праблемы. Таму рамонт даху пастаянна пераносіўся.

Каб вырашыць жыллёвае пытанне, у сітуацыю давялося ўмяшацца мясцовым уладам. Шматпакутны інтэрнат будзе перададзены на баланс раённай ЖКГ.

Праўда, наступяць гэтыя спрыяльныя ўмовы не раней за красавік. А датуль жыхарам прыйдзецца запасціся цярпеннем, вёдрамі і анучамі, каб чарговая адліга або дождж канчаткова не затапілі практычна ўжо не жылыя квадратныя метры.