Сапраўдных маразоў у Беларусі варта чакаць не раней за сярэдзіну лютага

14 января 2020
У Беларусі анамальна цёплы снежань змяніўся такім жа студзенем. Надвор'е ў пачатку года ўстанавілася не па-зімоваму цёплае і вільготнае. На Вадохрышча сіноптыкі таксама не абяцаюць маразоў.

Пры гэтым азімыя зерневыя культуры добра праходзяць зімаванне, іх каранёвая сістэма ў аптымальным стане, распавёў вядучы беларускі навуковец у галіне земляробства Фёдар Прывалаў. Цёплая і бясснежная зіма - не падстава турбавацца за будучы ўраджай азімых зерневых. Але ёсць і недахопы, гэта высокі ўзровень вільготнасці. Ён выклікае з'яўленне на раслінах хвароб і шкоднікаў. Таму сельгаспрадпрыемствам варта загадзя назапасіць сродкі хімаховы. Дастатковае снежнае покрыва вырашыць адразу некалькі задач. 

Фёдар Прывалаў, гендырэктар НПЦ НАН Беларусі па земляробстве: "Рапс без снегу не вытрымлівае тэмпературу мінус 13 градусаў, і ён ужо гіне. А пшаніца, напрыклад, трошкі вышэй. Калі 10 сантыметраў, то пад снегам на 10 градусаў цяплей. Ну, і самае галоўнае пытанне, навошта патрэбен снег. Увесну, калі ён павольна растае, гэта запас вільгаці, для нашых лёгкіх глеб нам неабходная вільгаць".

Паводле доўгатэрміновых прагнозаў сіноптыкаў, сапраўдных маразоў, калі тэмпература днём апусціцца да мінус 15, варта чакаць не раней за сярэдзіну лютага. Зрэшты, такія прагнозы часцяком бываюць недакладнымі.