Праблемы людзей з абмежаванымі магчымасцямі неабходна вырашаць у індывідуальным парадку - аб гэтым сёння ў Мінску заявіла міністр працы і сацабароны Беларусі Мар'яна Шчоткіна, каменціруючы нашумелую сітуацыю сям'і Бахур з Івацэвічаў. Нагадаем, нядаўна ў сямейнай пары, дзе абодва бацькі інваліды, нарадзілася абсалютна здаровае дзіця. Хлопчык вагой 4 кілаграмы 330 грамаў і ростам 55 сантыметраў з'явіўся на свет у Брэсцкай радзільні. Маці і дзіця адчувалі сябе нармальна, аднак ім не дазвалялі пакінуць бальніцу. Паводле нарматыўных дакументаў Міністэрства аховы здароўя нашай краіны, людзі з такімі захворваннямі не могуць выконваць бацькоўскія абавязкі. І, як правіла, такім дзецям даюць статус пакінутага без апекі бацькоў і змяшчаюць на дзяржаўнае забеспячэнне. Бацькі малога з гэтым катэгарычна не згодны. Ужо зараз маці з дзіцем пасля выпісу з абласной радзільні перавялі ў педыятрычнае аддзяленне Івацэвіцкай цэнтральнай раённай бальніцы. Сюды ж прыехалі спецыялісты Міністэрства аховы здароўя. Рашэнне аб далейшым лёсе малога будзе прынята да 5 верасня.
Сёння ж Мар'яна Шчоткіна наведала ў Мінску цэнтр для асаблівых дзяцей - ён адзіны ў сваім родзе на ўсёй постсавецкай прасторы. Тут напярэдадні з'явілася абсалютна новае абсталяванне: робататрэнажоры, балансавальныя платформы, крыяапарат - больш за 31 навінку, не толькі для рэабілітацыі, але і для лячэння. Усё гэта - вынік акцыі "Чужых дзяцей не бывае": неабыякавыя да праблемы людзі, у іх ліку - бізнесмены, сабралі грошы і, як вынік, - купля ў 1 мільярд 118 мільёнаў рублёў.













