Нашы дзіцячыя кардыяхірургі правялі найскладанейшую аперацыю на сэрцы

1 июля 2019

Унікальны выпадак у гісторыі беларускай медыцыны. Нашы дзіцячыя кардыяхірургі правялі найскладанейшую аперацыю на сэрцы. 10 спецыялістаў зрабілі адразу 4 розныя ўмяшанні. Для гэтага сэрца дзіцяці спынілі на 3 гадзіны 20 хвілін. Апошні раз такую аперацыю праводзілі 10 гадоў таму сумесна з амерыканскімі хірургамі. З маленькім пацыентам пазнаёмілася Юлія Грызунт

Сям'я Яна Завацкага ўжо тры гады жыве на два гарады: Смаргонь - Мінск. Хлопчык нарадзіўся з рэдкім парокам сэрца. Ян увайшоў у тыя 5 % дзяцей, якім не дапамагло малаінвазіўнае ўмяшанне пасля нараджэння. Да сваіх 3 гадоў малыш ўжо перажыў тры аперацыі і зусім перастаў баяцца ўрачоў. 

У рэанімацыі дзеці знаходзяцца пад назіраннем спецыялістаў 24 на 7. У лепшым выпадку іх знаходжанне тут займае пару дзён. У горшым  -  лік ідзе на месяцы. 

Аперацыя прайшла 2 тыдні таму,  першыя 4 дні пасля яе хлопчык правёў у рэанімацыі. Зараз тут сямёра дзяцей. Гэта тыя, хто аднаўляецца пасля аперацыі або чакае складанага ўмяшання.

Але ні адзін з іх не мае патрэбы ў аперацыі Роса - Кона, якую перажыў Ян Завацкі. 14 гадзін яе праводзілі 10 спецыялістаў. Гэта ўмяшанне, калі адзін з клапанаў (аартальны) пратэзуюць уласнай тканкай без выкарыстання штучнага матэрыялу. Акрамя таго, хлопчыку аднавілі функцыю сэрца і выдалілі шкодную тканку на левым жалудачку. Насамрэч  гэта 4 розныя працэдуры, якія прыйшлося рабіць адначасова. Для такой аперацыі сэрца малыша спынілі на 3 гадзіны 20 хвілін. Гэта першы такі выпадак у гісторыі беларускай аховы здароўя. І другі, калі спатрэбілася аперацыя Роса - Кона.

Сёння беларускія медыкі ўжо ўмеюць замяняць без скальпеля або на мове ўрачоў малаінвазіўна адзін з клапанаў. Для дарослага пацыента такая працэдура праходзіць даволі лёгка. Звычайна праз пару дзён пасля ўмяшання можна вярнуцца ў звычайны рытм жыцця. 

Нядаўна ў РНПЦ дзіцячай хірургіі прайшла яшчэ адна ўнікальная аперацыя. У дзіцяці выявілі вельмі рэдкую сардэчную паталогію. Часцей за ўсё такіх пацыентаў аперыруюць ужо ў дарослым узросце. Калі б умяшанне не дапамагло,  малышу давялося б перасаджваць сэрца. Але тут, у РНПЦ дзіцячай хірургіі, робяць усё, каб захаваць галоўны орган і навучыць яго адстукваць роўны пульс ад 60 да 90 удараў за хвіліну.