Нашэсце насякомых у Маладзечанскім раёне

16 июня 2015

Дрэвы і кустоўе знішчаюць вусені шаўкапрада. Такая з’ява ў Мінскай вобласці фіксуецца ўпершыню. Пры гэтым вусені шкоду наносяць не толькі дрэвам, але і людзям. Жыхары вёскі Канюхі скардзяцца на алергію.  Юлія Токар выехала на месца.  

На агародах у Маладзечанскім раёне – незайздросная спадчына  анамальна цёплай зімы. Праз высокія тэмпературы лічынкі небяспечнага вусеня не вымерзлі. І зараз насякомыя масава знішчаюць лісце раслін.

Жыхары вёскі Канюхі ўпершыню сутыкнуліся з сапраўднай пагрозай ад насякомых. Вусень няпарнага шаўкапрада знішчае дрэвы і кусты. Толькі на сёння супрацоўнікі МНС ліквідавалі 17 дрэў. Улюбёным месцам шкоднікаў стаў дуб.

Пражэрлівых насякомых прываблівае кара векавых дрэў, якія ў адрозненне ад пладовых не пабеленыя.  Але ж і дуб – не адзіны ласунак. Ад вусеня пакутуе лісце сліў, яблынь і груш. Жане Бурко прыйшлося спілаваць дзве грушы. Яшчэ на дзвюх хутка з’явіліся новыя коканы. Дарэчы, шкоднікі небяспечныя і для людзей. Пылок пушыстых насякомых выклікае алергію. 

Жана Бурко, жыхарка в. Канюхі: "Праблема такая ў нас упершыню сёлета, такога ў нас яшчэ не было. А праблема істотная: усё ядуць. Самі пакутуем, алергія ў нас вельмі страшная. І змагацца з імі мы не ведаем як".

Да ліквідацыі няпрошаных гасцей далучыліся і супрацоўнікі МНС. Дапамагаюць апрацоўваць дрэвы, а ў складаных выпадках – спілоўваюць. Самі ж жыхары таксама змагаюцца са шкоднікамі.  Дзейснымі аказаліся і народныя метады. Напрыклад, каб зберагчы пладовыя дрэвы, начальнік інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Маладзечанскага раёна Уладзіслаў Чарноў прапаноўвае на ноч кароны дрэў абмотваць мешкавінай.

А вось сельскагаспадарчым культурам – бульбе, збожжавым - вусень  не пагражае.

Дзяніс Балдоўскі, начальнік - дзяржінспектар інспекцыі па абароне раслін:  "Калі б усе гнёзды зімовыя былі сабраныя з восені або крайні тэрмін - увесну, да нараджэння вусеняў, такога аб'ёму вусеняў, натуральна, не было б".

Пакуль нашэсце вусеня шаўкапрада – лакальная праблема. Каб яна з часам не распаўсюдзілася праз анамальна цёплае надвор’е, варта праводзіць прафілактыку.  З вясны аглядаць сады, а яшчэ рабіць шпакоўні і замацоўваць іх на дрэвах. Птушкі – найлепшыя санітары прысядзібных участкаў.