Наша спецыяльная рубрыка Даўгабуд - пра дом у Бялынічах

12 июня 2013
І вось адна з праблем, рашэнне якой узята на кантроль Прэзідэнта. Будаўнічая галіна з яе карумпаванасцю, безграніччам, і тысячы беларусаў, якія стаміліся ад павышэння цэн і зацягвання тэрмінаў здачы жылля. Сёння наша спецыяльная рубрыка Даўгабуд - пра дом у Бялынічах, дзе для шматдзетных сем'яў перад самым наваселлем цану квадратнага метра павысілі да васьмі мільёнаў рублёў. Для малых гарадоў такі кошт, мала сказаць, не ўпісваецца ў стандарт. У сітуацыі разбіраўся Уладзімір Сёмкін.

Старшыня жыллёвага кааператыва №12 паказвае сваю перапіску за апошнія два гады. Адрасы розныя, тэма адна: будаўніцтва 12-кватэрнага дома для шматдзетных сем'яў. Падпісанне адпаведных дакументаў адбылося ў сакавіку мінулага года. У снежні таго ж 2012 дом павінны былі здаць.

Андрэй Ерашэнка, намеснік старшыні па будаўніцтве Бялыніцкага райвыканкама:
Мы пачалі будаўніцтва дома ў снежні мінулага года. Хоць ужо павінны былі яго здаць? Зусім правільна. Ён быў уключаны ў адпаведную праграму. Але з прычыны адсутнасці рэсурсаў будаўніцтва не пачыналася…
Перанос тэрмінаў будаўніцтва на больш позні час, натуральна, адбіўся і на кошце метра новага аб'екта.
Паводле інфармацыі міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Беларусі, усе вобласці значна адстаюць ад даведзенага плану па будаўніцтве кватэр для шматдзетных сем'яў. Напрыклад, у Магілёўскай вобласці за першы квартал пабудавалі толькі 5,5% ад запланаванага на год жылля. Для параўнання: у Віцебскім і Гомельскім рэгіёнах гэтая лічба не перавышае і 10%. 12% і 14% набралі Мінская і Гродзенская вобласці. У Брэсцкай - 20%. Але нават гэтыя лічбы далёкія ад абяцанняў.

І гэта ўлічваючы той факт, што будаўнічая галіна ў Кіраўніка дзяржавы на асаблівым кантролі. На нядаўняй нарадзе па пытаннях жыллёвага будаўніцтва Аляксандр Лукашэнка раскрытыкаваў беларускіх будаўнікоў і праектыроўшчыкаў за высокі ўзровень карупцыі ў галіне. Асабіста звярнуў увагу і на будаўніцтва жылля для шматдзетных сем'яў.

Сёння кошт аднаго квадратнага метра ў гэтым доме ўжо восем мільёнаў рублёў. Мясцовыя ўлады, нягледзячы на поўную неадпаведнасць гэтай лічбы ўзроўню зарплаты па рэгіёне, лічаць цану квадратнага метра разумнай.

І вось яшчэ адзін цікавы факт. Сярэдні кошт квадратнага метра жылля па ўсіх рэгіёнах краіны знаходзіцца на ўзроўні шасці мільёнаў рублёў. У Мінску, дзе забудоўшчыкі выкарыстоўваюць такія ж матэрыялы, як і ў Брэсце, Гомелі або Магілёве, кошт квадратнага метра амаль у два разы большы. Растлумачыць гэта нічым, акрамя як павышаным попытам, нельга.

Попыт на жыллё ў Бялынічах хоць і меншы, чым у сталіцы, затое прапаноў - у разы менш. Адсюль, мабыць, і кошт квадрата - восем мільёнаў.

Па пашпарце дом здаецца ўжо ў гэтым месяцы. І сума за адзін квадратны метр ізноў зменіцца. Патэнцыяльныя жыхары ўпэўненыя, што яна павялічыцца, мясцовыя ўлады - наадварот. Чый прагноз апынецца дакладным, стане ясна ўжо праз лічаныя дні.