Наш суайчыннік Алег Навіцкі прыбыў на МКС

20 ноября 2016

Сёння экіпаж касмічнага карабля "Саюз" прыбыў на МКС. Для нас гэтая падзея цікавая першым чынам тым, што камандзір - наш суайчыннік Алег Навіцкі. Дарэчы, пра карані свае не забывае і ў цяперашні свой палёт адправіўся з беларускім флагам. Ну што тут скажаш. Прыемны жэст!

Для Навіцкага гэта другі палёт. Разам з ім на станцыі будуць працаваць самы малады астранаўт Еўрапейскага касмічнага агенцтва француз Тама Песке і касмічная рэкардсменка 57-гадовая амерыканка Пегі Уітсан. На гэтым тыдні ўвесь свет назіраў за стартам ракеты. Ужо колькі іх было, а ўсё роўна відовішча неверагоднае! Нашаму карэспандэнту Дар'і Белавусавай-Пятроўскай атрымалася прысутнічаць у гэты гістарычны момант.

Гэта сёння слова "Байканур" вядомае на ўвесь свет, а яшчэ 60 гадоў таму тут не было ні вады, ні дарог, ні ліній электраперадач. Толькі голы стэп. Касмічны горад будавалі ў рэжыме строгай сакрэтнасці. Ды і зараз патрапіць сюды можна толькі са спецыяльным дазволам. Дарэчы, некалькі гадоў таму на Байканур сталі арганізоўваць "касмічныя" туры. Праўда, каб убачыць запуск ракеты-носьбіта і пагутарыць з касманаўтамі, прыйдзецца выкласці кругленькую суму.

Аб працы, асабістым і марах. На традыцыйнай прэс-канферэнцыі, якую арганізоўваюць перад запускам, няма вольных месцаў. Гутарка толькі праз шкло, перад палётам касманаўты жывуць у рэжыме абсервацыі. Журналістаў цікавіць літаральна ўсё: чым будуць харчавацца касманаўты на МКС, якія асабістыя рэчы бяруць з сабою, якія навуковыя эксперыменты будуць праводзіць у космасе і што для кожнага значыць жыццё на міжнароднай касмічнай станцыі.

Спецыяльна на прэс-канферэнцыю прыбывае пасол Беларусі ў Казахстане. У Анатоля Нічкасава асаблівая місія - зачытаць пасланне Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі асабіста Алегу Навіцкаму і членам экіпажа.

Анатоль Нічкасаў, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Казахстане: "Выказваю асаблівую ўдзячнасць за тое, што ў такі адказны момант, як падрыхтоўка да старту касмічнага карабля, вы не забываеце пра свае карані, пра Беларусь, чый флаг адправіцца ў космас разам з вамі. Дзе б вы не знаходзіліся, заўсёды памятайце, што Радзіма вамі ганарыцца…"

На градусніку - 15, а за акном позняя ноч. Але нікога гэта не бянтэжыць. Каб стаць сведкам сапраўды гістарычнага моманту - адпраўкі астранаўтаў у космас, - кожны гатовы ахвяраваць сваім камфортам.

Для беларуса Алега Навіцкага гэта другі касмічны палёт. Гэтым разам у касмічнае падарожжа яго праводзіць старэйшая дачка Яна. Жонка з малодшай - паўгадовай Маргарытай - засталася ў Маскве.

А вось праводзіць француза Тама Песке, дарэчы, самага маладога астранаўта Еўрапейскага касмічнага агенцтва, падаецца, прыехала палова Францыі. Сваякі, сябры, аднапалчане. Апошнія нават напісалі спецыяльна для Тама лірычную песню.

Калі для француза гэта першы касмічны вылет, то для амерыканкі Пегі Уітсан ужо трэці. Дарэчы, яе ўжо назвалі касмічнай рэкардсменкай. У 57 гадоў яна стала самай пажылой жанчынай у космасе за ўсю гісторыю яго засваення.

За некалькі гадзін да старту - традыцыйная прымерка скафандраў, праверка іх на трываласць і, як гавораць вайскоўцы, крайняя гутарка з роднымі. Потым глыток свежага марознага паветра, пажаданне ад кіраўнікоў Раскосмаса і, як сказаў бы Юрый Гагарын: "Паехалі!" Зараз паўгода экіпаж касмічнага карабля "Саюз МС-03" будзе назіраць за зямным жыццём, але ўжо з арбіты.

Літаральна праз некалькі хвілін мы станем сведкамі важнай гістарычнай падзеі.

Сёння экіпаж касмічнага карабля "Саюз МС-03" паспяхова прыбыў на МКС. У планах прабыць на станцыі 180 сутак і за гэты час правесці каля 50 навуковых эксперыментаў. А таксама адрабіць прычальванне ў тэлеаператарным рэжыме на грузавым караблі "Прагрэс".