Насельніцтва актыўна здае яблыкі, бульбу, капусту, моркву і дары лесу

27 сентября 2018

У вобласці працягваецца сезон нарыхтоўкі садавіны і гародніны. Асабліва актыўна насельніцтва здае яблыкі, бо ўраджай сёлета небывалы. Закупачныя цэны на плады вагаюцца ад 4 да 7 капеек за кілаграм. Прычым аўтамагазіны нарыхтоўшчыкаў даязджаюць па заяўках у самыя аддаленыя вёскі. Наталля Кузьміцкая паназірала за працэсам.

Урадзіла, дык урадзіла - Алена Муравейка не можа нарадавацца ўраджаю. Вялікі яблыневы сад з духмянай малінаўкай, антонаўкай, ананаснымі жоўтымі фруктамі заўсёды пладаносіць, аднак столькі наліўных на яе падворку не было даўно.

Яблыкі - ўлюбёны сямейны дэсерт. Таму вітаміннай прадукцыі гаспадыня нарыхтавала на запас. Паліцы ў падвале, скрозь застаўленыя слоікамі з яблыневым павідлам і канфіцюрам, у разнастайных варыяцыях.

Сёлета, жартуе, слоікі раней скончыліся, чым ураджай. Таму лішкі сваёй прадукцыі гаспадыня пачала здаваць у спажыўкааперацыю. З пачатку сезона нарыхтоўкі з яе падворку вывезлі больш за дзве тоны яблыкаў.

За таварныя яблыкі позніх сартоў нарыхтоўшчыкі плацяць у разы больш - каля 30-50 капеек. У адрозненні ад ападу, які ідзе на перапрацоўку, гэтыя яблыкі прымаюць для продажу ў гандлёвыя сеткі і ў стабфонды. Каб вітаміннай прадукцыі хапіла да вясны.

Лішкі прымаюць як у нарыхтоўчых пунктах - звычайна сельскія магазіны, так і падчас выязных рэйдаў. Нарыхтоўшчыкі гатовыя папоўніць засекі нават у аддаленых і маланаселеных пунктах. Акрамя яблыкаў, здаць можна бульбу, капусту, моркву і іншую агародніну. А таксама дары лесу. Надвор'е сёлета спрыяла ягаднікам. Збіралі не толькі для ўласных патрэб, толькі чарніц здалі ў 12 разоў больш у параўнанні з мінулым годам. Зараз у лесе, асабліва ў балоцістых мясцінах, у поўным соку журавіны.