Нанакасцюмы для хлопчыкаў і набор юнай лэдзі для дзяўчынак

13 августа 2014
Да новага навучальнага года адно з беларускіх прадпрыемстваў выпусціла новую лінейку школьнай формы. Да стыльнага дызайну мужчынскіх, дакладней, касцюмаў для хлопчыкаў дадалі тэрмометры, а сукенкі юных модніц дапоўнілі люстэркам. Як вытворцам прыйшла такая ідэя і ці прыйшлася яна па душы самім школьнікам?

Раскажа Ксенія Рабчынская.

Вызначыць, ці змерзла ваша дзіця, ці цяпло ў класе і нават выбраць што апрануць у школу заўтра - больш не праблема. У лінейцы касцюмаў інавацыя - ушыты ў подбіўку тэрмометр. Абсалютна бяскрыўдны, зразумела, не ртутны, касцюм з гэтым градуснікам можна праць гэтак жа, як любы іншы. Даведацца, ці здымае ваш сын шапку ў пад'ездзе ён не дапаможа, але затое сапраўды пакажа, ці зашпіліў ён на вуліцы куртку. Як ні дзіўна - ідэя спадабалася не толькі бацькам, але і малым.

У лінейцы адной толькі гэтай фабрыкі да новага навучальнага года - адразу 70 новых мадэляў школьнай формы. Для хлопчыкаў нязменныя стыльныя пінжакі з ужо знаёмай бацькам леташняй інавацыяй - абаронай ад выпраменьвання мабільнага тэлефона ва ўнутранай кішэні. Для юных модніц, апроч трох дзясяткаў новых мадэляў сарафанаў, касцюмаў і штаноў, - сукенка з сюрпрызам. Прыемным, вядома, і чыста дзявоцкім.

Школьную форму з маркай Зроблена ў Беларусі будуць насіць і аднагодкі з краіны-суседкі. Ужо сёння нашы касцюмы, у тым ліку, і мадэлі з прыстаўкай нана- прадаюцца амаль па ўсёй Расіі ад Масквы да Хабараўска. Прычым кошты ні для рынку нашай краіны, ні для суседзяў не сталі вышэйшымі.

Захаваць леташнія кошты дазволіла ўсяго толькі купля дзвюх новых швейных машын - аўтаматызацыя вытворчасці.

Сюды, у гэты цэх, тканіна паступае ўжо раскроенай. Далей - паэтапна - фактычна поўны цыкл ад адной сцяны да другой: часткі касцюма сшываюцца, да іх прышываюць гузікі, пінжакі і штаны адгладжваюць, каб яны набылі таварны выгляд. За адзін 8-гадзінны працоўны дзень брыгада з 55 чалавек у сярэднім выпускае каля 250 касцюмаў.

Прычым, усе мадэлі касцюмаў выпускаюць у абмежаванай колькасці: вывучаюць попыт і толькі потым, калі трэба, партыю дубліруюць, выбіраючы самы папулярны памер.

Недахопу ў выбары школьнай формы ўжо сапраўды не будзе: у Беларусі сёння працуюць адразу некалькі буйных вытворчасцяў. А ўжо 23 жніўня ў Мінску на пляцоўцы каля Палаца спорту адкрыецца самы вялікі школьны кірмаш у краіне - там на працягу двух дзён можна будзе выбраць не толькі ідэальныя касцюмы і сукенкі, але і купіць наогул усё, што можа спатрэбіцца школьніку.