Падатковы хронаметраж

10 января 2014
Падатковыя органы Беларусі па-новаму будуць змагацца з неплацельшчыкамі. Неўзабаве будзе ўведзены так званы хронаметраж. Ён дазволіць карэктаваць выручку плацельшчыкаў падатку на прыбытак, падатку па спрошчанай сістэме або падаходнага. Новы метад увядуць, першым чынам, у сістэме грамадскага харчавання, медыцынскіх і бытавых паслугах.

Падрабязней - Наталля Кузьміцкая.

Падатковае заканадаўства сёння арыентуецца на спрашчэнне працэдур. Ужо сёння каля 140 000 плацельшчыкаў маюць электронна-лічбавы подпіс і падаюць дэкларацыі ў электронным выглядзе.

Разам з крокамі па спрашчэнні падатковага заканадаўства ідзе і пошук больш эфектыўных шляхоў кантролю над яго выкананнем. У новым годзе ў падатковых органаў будзе магчымасць праводзіць кантрольны хронаметраж усёй выручкі прадпрыемстваў.


Такі метад праверкі разумее маніторынг прадпрыемства на працягу 10 дзён, за якія падатковыя інспектары зводзяць дэбет з крэдытам паралельна прадпрымальніку.


Валерый Румянцаў, начальнік аддзела галоўнага ўпраўлення Міністэрства па падатках і зборах: Калі сярэднядзённая выручка, якая была разлічаная па выніках хронаметражу, будзе больш за тую выручку, якую паказаў плацельшчык па выніках дэкларацыі, вось на 30% і больш, у гэтым выпадку падатковы орган мае права даналічыць падаткі.


У цэнтры ўвагі СТА, цырульні, кафэ і рэстараны, бо раней інспектары метадам кантрольнай закупкі правяралі хіба што вытворцаў. Сфера паслуг доўгі час заставалася ў цені, а разам з ёй і частка выручкі нядобрасумленных падаткаплацельшчыкаў. А гэта не толькі недапаступленне сродкаў у бюджэт, але і нядобрасумленная канкурэнцыя сярод прадпрымальнікаў.


Падатковы хронаметраж - паняцце новае не толькі ў заканадаўстве, але і ў рэвізійнай дзейнасці падатковых органаў.


Аднак для іх ужо распрацаваная і пакрокавая інструкцыя з усімі ўмовамі, у выпадку якіх падаткі пералічвацца не будуць. Так, напрыклад, параўнанні падатковых баз будуць ажыццяўляцца з улікам інфляцыі, сезоннасці працы аб'екта, які правяраецца, і змен, звязаных з колькасцю яго супрацоўнікаў і фарматам паслуг.