Напярэдадні ў Мінску на праспекце Пераможцаў урачыста адкрылі плошчу Дзяржаўнага флага Рэспублікі Беларусь

3 июля 2013

У маляўнічай цырымоніі ўдзельнічалі некалькі тысяч чалавек. Сярод іх быў і Прэзідэнт краіны. Аляксандр Лукашэнка прымаў непасрэдны ўдзел у будаўніцтве комплексу некалькі месяцаў таму падчас рэспубліканскага суботніка. Дарэчы, саму цырымонію адкрыцця транслявалі ўсе тэлеканалы краіны. За тым, як узнімалі на флагшток палотнішча памерам сто квадратных метраў, Беларусь сачыла ў прамым эфіры.


Расказвае Сяргей Хамянтоўскі.


Пачуць гімн і ўбачыць, як ўзнімаецца беларускі флаг. Сімвалы, якія аб'ядноўваюць у сабе ўсё тое, што робіць нас нацыяй, зараз у адным месцы. Адну з галоўных плошчаў краіны прапісалі па праспекце Пераможцаў, недалёка ад будучага Палаца Незалежнасці.


Збіраць усе сімвалы дзяржаўнасці на вялікіх плошчах стала своеасаблівым трэндам у многіх краінах. Азербайджан, Казахстан, Таджыкістан і вось зараз Беларусь. Прычым нашы сябры па Садружнасці хто вышынёй флагштока, а хто і памерам флага траплялі ў Кнігу рэкордаў Гінеса. Беларускія архітэктары за рэкордамі не пагналіся, усё-такі гэта месца яднання, а не ганарыстасці. У беларускім варыянце флаг памерам сто квадратных метраў узнімуць на 70-метровую вышыню.


Непасрэдна на плошчы за цырымоніяй назіраюць амаль 6 тысяч чалавек. Амаль уся Беларусь ля экранаў. Прамую трансляцыю вядуць усе тэлеканалы краіны. Арганізатары пастараліся зрабіць цырымонію не толькі ўрачыстай, але і маляўнічай. Свята на плошчы Дзяржаўнага флага пачалося маладзёжным тэатралізаваным паказам.


А палове на дзясятую вечара на плошчу Дзяржаўнага флага прыбывае Кіраўнік дзяржавы. Камандзір роты ганаровай варты дакладвае: да пачатку цырымоніі ўсё гатова.


З высокай трыбуны Аляксандр Лукашэнка гаворыць аб неабходнасці фарміравання культу дзяржаўных сімвалаў. Плошча Дзяржаўнага флага разам з Палацам Незалежнасці закліканая стаць галоўным цэнтрам суверэннай беларускай дзяржавы.


У гэты знамянальны дзень у Беларусі заклалі яшчэ адну традыцыю - традыцыю прынясення клятвы вернасці дзяржаўнаму флагу. Сярод першых святыя словы вымавілі праслаўленая біятланіста Дар'я Домрачава, бацька БелАЗаў, Герой Беларусі Павел Марыеў, таленавітая моладзь.


Цырымонія ўзняцця дзяржаўнага флага Рэспублікі Беларусь пачалася.


Урачыстую цырымонію вянчае выкананне дзяржаўнага гімна краіны. Разам з прафесійнымі харавымі калектывамі словы, што ў душы ў кожнага беларуса, падхапіла ўся плошча.


Гістарычнай цырымоніі арганізатары дадалі фарбаў і арганізавалі маштабны флэшмоб на зямлі. А на небе святочны феерверк.


У вячэрняе мінскае неба ўзняліся 10 тысяч геліевых шароў у колерах дзяржаўнага флага краіны. Гістарычная цырымонія зараз ужо гісторыя.


Убачыць галоўны сімвал нашай дзяржаўнасці можна будзе пры любым надвор'і, у любы час сутак. За кошт незвычайнага светлавога рашэння флагшток па начах будзе выконваць функцыю гарадскога маяка.