Напярэдадні Дня медыка ў беларускай сталіцы назвалі імёны лепшых урачоў года

18 июня 2015

А гэтыя беларусы штодня нясуць сваю службу дзеля выратавання жыцця людзей. І самая галоўная падзяка для іх - гэта здароўе пацыентаў. Але ўдзячнасць на дзяржаўным узроўні заўсёды асабліва ганаровая. Напярэдадні Дня медыка ў беларускай сталіцы назвалі імёны лепшых урачоў года. Урачыстая цырымонія па традыцыі прайшла ў Палацы Рэспублікі. 

Віншаванне з надыходзячым прафесійным святам накіраваў і Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка.

Аб тых, хто робіць сваю працу ў імя жыцця, рэпартаж Паліны Іванча

Самае шчырае дзякуй у сваім жыцці Мікалай Воўк вымавіў у гэтым кабінеце, праўда, ужо з дапамогай галасавога пратэза. 4 гады таму пацыенту з Пінска разам з беларускімі анколагамі ўдалося перамагчы страшны дыягназ - рак гартані.

Пачуцці хвалявання і падзякі тут перапаўняюць, бадай, кожнага з сотні беларусаў, якім анколаг-хірург Яўген Кузьмін падарыў другі голас. І тых, хто атрымаў яшчэ адзін шанец на жыццё. За 18 гадоў дзяжурства доктара ля аперацыйнага стала іх не адна тысяча. Гэтым вечарам Яўген Кузьмін упершыню за сваю кар'еру замест аперацыйнай - на галоўнай сцэне краіны. Каб з рук міністра аховы здароўя Беларусі атрымаць дыплом, дзе проста і без тлумачэнняў значыцца: "Лепшы ўрач-хірург года". 

Па тытул на сцэну Палаца Рэспублікі сёння паднімаюцца лепшыя педыятры, тэрапеўты, акушэры-гінеколагі і дактары агульнай практыкі. А напісанаму ў іх дыпламах паўтараюць апублікаваныя напярэдадні вынікі міжнароднага рэйтынгу якасці жыцця. У ім Беларусь абышла партнёраў па Еўразійскім эканамічным саюзе - Расію, Казахстан, Арменію - і паднялася на 54 пазіцыю. І ўсё часцей менавіта да нашых медыкаў па дапамогу звяртаюцца замежнікі. Толькі ў 2014-м у Беларусь прыехалі 164 тысячы пацыентаў з 120 краін свету. 

Кожны дзень сваё жыццё беларусы давяраюць амаль 39 тысячам дактарам. І кожны год больш як 2 тысячы выпускнікоў апранаюць белыя халаты. Часцей за ўсё, як гаворыць статыстыка, у ролі тэрапеўтаў, хірургаў і педыятраў. Каб потым, паводле тых жа афіцыйных лічбаў, больш за палову беларусаў ацанілі сваё здароўе як здавальняючае і трэць - як добрае.