Напярэдадні Беларусь прэзентавалі ў Германіі на міжнародным турыстычным злёце

3 июня 2018

Напярэдадні беларусы расказвалі пра сябе ў Германіі. Краіна прымала міжнародны турыстычны злёт.

Але! Ніякіх выставачных павільёнаў, строгіх касцюмаў і пратакольных сустрэч. Наадварот, гэтакі нефармальны фестываль, куды кожны прывёз часцінку сваёй радзімы. З пасылам, што гэта павінен бачыць кожны!

Наша здымачная група таксама адправілася ў нямецкую глыбінку, каб зразумець, чаму сёння турбізнес аддае перавагу менавіта такому фармату рэкламы краіны, замест маштабных міжнародных форумаў і выстаў. Рэпартаж Вольгі Анішчанкі.

Гэта, вядома, не палатачны гарадок. Тут не дымяць вогнішчы, не кашавараць. Ды і гітара, хутчэй, выключэнне з правіл. Галоўныя людзі туріндустрыі з раніцы надзяваюць красоўкі. Гэта як заўсёды быць у страі ў сваёй справе!

Шторанку, а на гадзінніку, сем раніцы - тут пачынаецца не з кавы, і не са сняданку. А з абавязковай зарадкі. Арганізатары папярэджваюць, што спартыўная форма павінна быць у кожнага. І гэтай долі не пазбегнуць ні карэспандэнтам, ні нават аператарам.

Тут гавораць: турызм - гэта таксама пра спорт, здароўе і актыўную пазіцыю. Ці не таму кожны год для сваіх праводзяць нават алімпійскія старты! Мясцовы біятлонны стадыён, а зараз тут трэніруецца "маладзёжка", не робіць адрозненняў паміж спартсменам і кіраўнікамі турбізнесу.

Дарэчы, у біятлонным свеце мястэчка Альтэнберг святое. Тут гэты спорт нарадзіўся. Са з'яўленнем у 50-ых першай у свеце біятлоннай трасы. Адгэтуль родам і важны чалавек для беларускага спорту, паказвае на фота гаспадар мясцовай гасцініцы.

На чорна-белых здымках Клаус Зіберт. Трэнер Дар'і Домрачавай. Пад яго кіраўніцтвам беларуска - тройчы алімпійская чэмпіёнка!

Зрэшты, мясцовая гасцініца - адна суцэльная фотавыстава. Сведчанне сотняў спартыўных перамог. Арганізатары злёту вырашылі, што менавіта тут варта распавесці аб сваіх галоўных перамогах у турызме.

Сёлета ў гісторыю турзлётаў упісалі маленькі нямецкі Альтэнберг. Гэта самае прыгранічча. Да Чэхіі хвілін 20 пешкам. Некалі высокі ўзровень жыцця мясцовым жыхарам забяспечвалі руднікі. А зараз гэта вядомы ў Германіі гарналыжны курорт, які да таго ж прымае прэстыжныя зімовыя старты па бабслеі і скелетоне.

Гэтакая глыбінка ў Ніжняй Саксоніі, куды групавы ды і самастойны беларускі турыст наўрад ці калі-небудзь трапіць. Але ў гэтым і задумка арганізатараў злёту. Штогод паказаць сваю краіну з іншага боку, пра якую ў свеце ведаюць пакуль яшчэ не шмат.

Аб тым, што Беларусь турыстычная вядома ў свеце мала, спрачацца не прыходзіцца. Гернод Лаозе, а ён прадстаўляе Германію, займаючыся прасоўваннем на радзіме расійскага турпрадукту, заяўляе: на нямецкім рынку і вялікая Расія прадстаўлена даволі слаба. Што ж гаварыць пра Беларусь? Патрэбны больш цесныя сувязі тураператараў, выразная рэкламная стратэгія і пісьменны турпрадукт. Жартуе, бо тое, што рускаму добра…

Бясспрэчна і тое, што лепш і больш, чым расіянін, іншы турыст у госці да нас пакуль не ездзіць. Пытаемся: справа ж не толькі ў крызісах? Як быць з папрокамі, што ў нашу краіну расійскага турыста прыводзіць падзенне прыбыткаў? Але суседзі ўпэўненыя: характар рынку гэта не вызначае. І дадаюць: зусім дыпламатычна...

Але сёння Беларусь і Расія могуць куды больш. Чаго каштуюць трансмежныя - сумесныя - прадукты! Бо турыст, прыязджаючы ў Расію, мог бы даехаць і да Беларусі. А пасля вярнуцца назад. Пакуль, аднак, усё больш у тэорыі. Расійскі турбізнес упэўнены: рашэння перш за ўсё патрабуюць візавыя бар'еры.

Аб пераадоленні памежных складанасцяў даўно гаворыць і беларускі турбізнес. Маўляў, краіна страціла статус транзітнай. Замежны турыст не можа афіцыйна перасекчы мяжу, нават пры наяўнасці візы. Так, трапіць у Расію з Беларусі на аўто юрыдычна немагчыма. Як і падлічыць, колькі страчвае беларускі турбізнес на недапрацоўках міграцыйных законаў.

Пакуль Беларусь турыстычная для нашых суседзяў - гэта, як правіла, санаторны прадукт. Але патэнцыял вялікі! З чаго пачынаць адкрываць і іншую Беларусь? Гавораць: пачынайце... з дзяцей!

Паводле статыстыкі, беларускі санаторый нязменна ў топе турыстычных прапаноў. Але і тут не ўсё гладка, прызнаецца кіраўнік саюза туріндустрыі.

Бо прыезджым добра б не толькі падлячыцца, але і краіну паглядзець. Аднак лячэбны прадукт выпадае з агульнай сістэмы экскурсій. А вось экскурсіёнка, дарэчы, у краіне добрая! І нават крыўдна, што ведаюць аб гэтым зусім мала.

Гэта значыць, што паасобку і пад заказ - магчыма, а вось разам у сістэме, каб па раскладзе, адным клікам і з любой кропкі - на жаль! Але не. Задача - для будучай Асацыяцыі актыўных тураў Беларусі. Яна аб'яднала б і байдаркі, і веласіпеды, і конны турызм. Яшчэ адна ніша, дзе наша краіна пакуль не прадстаўлена, але можа стаць часткай глабальнага рынку.

І штораз тут гэта пакуль гучала з надзеяй, што роўна праз год ці то на спартыўных трасах, ці то ў сумесных экскурсіях, але ўжо на новай пляцоўцы турзлёту мы зможам больш распавесці адзін пра аднаго.