Узнагароды лепшым настаўнікам Мінскай вобласці

3 октября 2019

Словы падзякі і пажаданні настаўнікам гучаць  гэтымі днямі па ўсёй краіне. У першыя выхадныя кастрычніка  педагогі адзначаюць сваё прафесійнае свята. Галоўныя ўрачыстасці адбываюцца ў Мінску. Сёння тут віншуюць не толькі сталічных педагогаў, але і з усяго цэнтральнага рэгіёна. Зараз там працуе Наталля Кузьміцкая.
Зараз я знаходжуся ў Цэнтральным доме афіцэраў. Тут  пануе сапраўды святочны настрой. Каб павіншаваць адзін аднаго і пачуць словы падзякі за сваю адданую працу, сюды прыехалі больш за 650 настаўнікаў вобласці, безумоўна, лепшыя ў прафесіі.
Для многіх гэта ўжо не першы Дзень настаўніка. Некаторыя прафесію абралі яшчэ ў дзяцінстве і дагэтуль верныя свайму прызванню. 
У сістэме адукацыі вобласці сёння працуюць больш за 30 тысяч педагогаў. Увогуле гэта прафесійнае свята ўсіх супрацоўнікаў сферы школьнай адукацыі. І Дзень настаўніка  - магчымасць падзякаваць ім за нялёгкую працу, навучанне і дапамогу ў выхаванні дзяцей. Сёння педагог павінен быць мабільным, сучасным, а галоўнае  - умець знайсці падыход да кожнага вучня. І падчас такіх сустрэч настаўнікі абменьваюцца вопытам, дзеляцца новымі методыкамі выкладання, каб урокі былі займальнымі. 
Яшчэ адным падарункам для педагогаў стане спектакль "Паўлінка" ад акцёраў-купалаўцаў. 
А якія віншаванні падрыхтавалі для настаўнікаў Мінска, ведае мая калега Алена Вітко.

Віншаванні і словы падзякі гучаць і ў Палацы Рэспублікі. Тут у малой зале сабраліся чатырыста дваццаць лепшых настаўнікаў сталіцы. Гэта прафесіяналы, якія сваім талентам і стараннасцю выхоўваюць дзяцей, даюць ім веды. Але сёння яны атрымалі ацэнку сваёй працы. 

Лепшым настаўнікам і кіраўнікам навучальных устаноў уручылі ганаровыя граматы і падзякі. А чатыры педагогі сталіцы атрымалі знак "Выдатнік адукацыі". 

Віншаванні ад калег і вучняў настаўнікі будуць прымаць на працягу некалькіх дзён. Прафесійнае свята яны адзначаць традыцыйна ў першую нядзелю кастрычніка.