Пачынаюцца выплаты матэрыяльнай дапамогі ўдзельнікам Вялікай Айчыннай вайны

2 июня 2014

У Беларусі да 70-годдзя вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў сёння пачынаюцца выплаты матэрыяльнай дапамогі ўдзельнікам Вялікай Айчыннай вайны. Сумы будуць вар'іравацца ў залежнасці ад статусу ветэранаў. Па 10 мільёнаў рублёў атрымаюць Героі Савецкага Саюза, кавалеры ордэнаў славы трох ступеняў і Героі Сацыялістычнай Працы. 8 мільёнаў налічаць інвалідам і ўдзельнікам вайны, а таксама спецыялістам, якія ў першыя гады пасля вызвалення ад нямецкай акупацыі займаліся размініраваннем тэрыторый і аб'ектаў у Беларусі. Выплаты ў памеры 3,5 мільёнаў прызначаныя кавалерам ордэнаў і медалёў СССР за службу ў тыле, будаўнікам абарончых і ваенных аб'ектаў. Не застануцца без фінансавай падтрымкі і тыя, хто абслугоўваў прыфрантавыя ўчасткі чыгунак і аўтамабільных дарог, блакаднікі Ленінграда, сем'і вайскоўцаў, партызан і падпольшчыкаў, загінуўшых або прапаўшых без весткі, інваліды з дзяцінства з прычыны раненняў, звязаных з баявымі дзеяннямі і былыя вязні фашысцкіх канцлагераў і турмаў.


Усяго ж матэрыяльную дапамогу атрымаюць больш як 50 тысяч чалавек па ўсёй краіне, на гэта выдаткавана 260 млрд рублёў. Грошы можна атрымаць там жа, дзе і пенсіі.