Пачаць свой шлях у бізнесе

6 июня 2015

Пачаць свой шлях у бізнесе. У Наваполацку прайшоў першы конкурс праектаў, якія разлічваюць на поспех і прыбытак. Падаваць заяўкі маглі ўсе ахвочыя. Умова - генератары ідэй павінны накіраваць свой будучы бізнес на развіццё Полацка і Наваполацка. Аб тым, што хвалюе моладзь, больш падрабязна ў сюжэце Алены Борматавай.

Пляцоўкай для правядзення стартапаў - конкурсу бізнес-ідэй - стала галоўная навуковая база горада - Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт. Тут навучаюцца больш як 15 тысяч студэнтаў. Ім у першую чаргу і даецца карт-бланш. Хоць узроставыя абмежаванні закранулі толькі пачатковую планку. Удзельнікам павінна быць не менш як 16 гадоў.

Удзельнікі могуць пакзваць свае праекты як у адзіночку, так і ў камандзе. Сфера самая розная - гэта і гульні са штучным інтэлектам, і ўдасканаленне безбар'ернага асяроддзя ў горадзе, і прасоўванне цуд-прыбора, які можа і выраўноўваць падлогу, і дбайна касіць траву, і выдаляць старую фарбу з розных паверхняў.

Маладыя прадпрымальнікі, у якіх пакуль маецца толькі ідэя, атрымліваюць добрую магчымасць пра яе заявіць. Бо ў якасці галоўнага арганізатара стартапа - Наваполацкі гарвыканкам, а бізнес-стуктуры прадстаўляў гарадскі цэнтр прадпрымальніцтва і нерухомасці.

Стартапы - гэта не толькі конкурс бізнес-праектаў, гэта яшчэ і адукацыйная частка. Маладым прадпрымальнікам вопытныя бізнесмены чытаюць лекцыі па маркетынгу, праводзяць майстар-класы па прасоўванні і продажах тавару.

Конкурс бізнес-ідэй - гэта не толькі першы крок на шляху іх рэалізацыі. Прэзентацыя праекта для маладых прадпрымальнікаў дае не проста вопыт публічных выступленняў. Гэта яшчэ і рэальны шанц знайсці канкрэтных партнёраў. На мерапрыемстве ў якасці экспертаў прысутнічалі прадстаўнікі дзяржаўных структур і бізнесу.

Бо адна з асноўных ідэй конкурсу - магчымае супрацоўніцтва. Моладзь прапаноўвае праект, пераконвае інвестара ў яго эфектыўнасці, атрымлівае сродкі на рэалізацыю. Як вынік - дадатковыя рабочыя месцы.

Пераможцы стартапа атрымаюць магчымасць навучання ў лепшых бізнес-трэнераў краіны. А ў будучыні на базе Полацкага дзяржуніверсітэта плануецца стварыць школу стартапаў.