Пачатак новага навучальнага года адзначылі сталічныя каледжы і ліцэі

1 сентября 2016

Аднак тут у адрозненне ад школы пары замест урокаў, выкладчыкі замест настаўнікаў і ўвогуле больш сур'ёзныя патрабаванні. Праз некалькі гадоў навучэнцы ўжо атрымліваюць спецыяльнасць. Антаніна Станкевіч пазнаёмілася з тымі, хто развітаўся са школай пасля 9-га класа.

У першы навучальны дзень яны дамовіліся сутрэцца ля помніка Францыску Скарыну, што побач з Нацыянальнай бібліятэкай. Дарэчы, дзейнасць аднаго з першых асветнікаў чымсьці падобная і на іх будучую прафесію. Праз тры гады яны стануць педагогамі пачатковых класаў, а таксама выхавальнікамі дзіцячых садоў. Сімвалічна, што Мінскі гарадскі педагагічны каледж сёння адзначае не толькі Дзень ведаў, але і першы дзень нараджэння.

У традыцыйна дзявочым калектыве ёсць і адзін хлопец. Аляксандр з педагагічнай дынастыі, нават і не марыць пра іншы жыццёвы шлях. Паступленне ў педагагічны каледж – крок да мэты. Выкладчыкі спадзяюцца, што ў будучыні хлопчыкі таксама звернуць увагу на новы каледж, а пакуль што абяцаюць берагчы адзінага мужчыну.

Першакурсніца Дар'я з інтарэсам вывучае расклад заняткаў. Трэба ўсё ўважліва запісаць, каб нічога не пераблытаць. Ужо заўтра пачнуцца заняткі, але не прывычныя ўрокі, а пары. Нагрузка ў параўнанні са школай, безумоўна, вырасце, аднак дзяўчынка ўпэўненая: паступленне ў каледж – гэта шанс дасягнуць значных поспехаў у жыцці.

Сёлета ўрачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя пачатку новага навучальнага года, праходзяць ва ўсіх каледжах і ліцэях сталіцы. Акрамя таго, навучэнцы і іх новыя выкладчыкі вырашаюць арганізацыйныя пытанні. Усё ж такі вучоба ў сярэдняй спецыяльнай навучальнай установе вельмі адрозніваецца ад школьнай. Аднак гэтыя дзеці справяцца - мяркуючы па прахадных балах, дзеці прыйшлі вучыцца вельмі дасведчаныя.

Заўтра ўжо пачнецца паўнавартасная вучоба па шэсць дзён на тыдзень. А праз два-тры гады (у залежнасці ад планаў) тыя, хто сёння выбраў каледж, атрымаюць у дадатак да атэстата яшчэ і прафесію.