На ўзмоцнены рэжым працы пераведзены камунальныя службы Беларусі

2 марта 2016

На ўзмоцнены рэжым працы вось ужо суткі, як пераведзены камунальныя службы Беларусі. Прычынай таму стаў новы цыклон "Зісі", які абрынуўся працяглымі снегападамі, парывістым ветрам, а месцамі і моцным дажджом на большасць раёнаў краіны. Вышыня снежнага покрыву склала больш за 12, а ў некаторых раёнах Магілёўскай і Віцебскай абласцей - 20 см. Цыклон адступіў, але пакінуў пасля сябе кіламетры парваных ліній электраперадачы, абясточаныя пасёлкі. Аднак сур'ёзных здарэнняў не адзначана і на гэты раз. Міністэрства па надзвычайных сітуацыях загадзя апавясціла кіраўнікоў усіх ведамстваў аб неабходнасці прыняць дадатковыя меры ў сувязі са стыхіяй. Таму ўсе службы былі гатовыя да складаных умоў надвор'я. Усе падрабязнасці - у Андрэя Ястрабава.

У вёсцы Дунаёк святло прапала яшчэ ўначы. Праўда, урокі ў мясцовай школе пры свечках праводзіць не давялося. Да райцэнтра крыху больш за 20 кіламетраў, энергетыкі спрацавалі аператыўна. Пакуль аднаўлялі пашкоджаныя снегападам лініі электраперадачы, у школу прывезлі перасовачны генератар.

Толькі ў Магілёўскай вобласці на ўхіленні наступстваў цыклона працавалі 30 брыгад энергетыкаў і дзясяткі адзінак спецтэхнікі. Аднаўляць прыйшлося і тэлефонную сувязь. Дарогі расчышчалі камунальшчыкі. Дапамагалі адзінокім пажылым людзям.

Дарэчы, цыклон "Зісі" апынуўся не такім капрызным, як "Даніела", але ўсё ж пакінуў без святла больш за сотню населеных пунктаў па краіне. Высыпаў і некалькі дэкадных норм ападкаў.

На поўначы Беларусі цыклон найбольш шчодрым на снег быў у Віцебску, Оршы і Сянно. У абласным цэнтры і Оршы пакінуў пасля сябе дзве дэкадныя нормы ападкаў. У Сянно - паўтары. Такі зімовы пачатак вясны на руку аграрыям. Снег, нават вясной, - прадвеснік багатага ўраджаю.

Ускладнілася і сітуацыя на дарогах. Колькасць ДТЗ у параўнанні з апошнім днём лютага ў Магілёўскай вобласці вырасла больш чым у 4 разы. Зарэгістравана больш чым паўсотні аварый, адзін чалавек пацярпеў. Бліжэй да вечара дарожная сітуацыя значна палепшылася. Цыклон сышоў на ўсход. А ўжо ў найбліжэйшыя дні сіноптыкі абяцаюць пацяпленне да 13 градусаў.