На трэцяй лініі метро будзе 14 станцый

31 июля 2015

Работы па перакладцы інжынерных сетак, звязаныя з будаўніцтвам трэцяй лініі метро, завершаны на 80%. У лістападзе з’явіцца новы тунэлепраходчы комплекс, які дазволіць паскорыць работы. Нагадаем, на трэцяй лініі метро будзе 14 станцый. Чатыры з іх пракладзены. У сувязі з будаўніцтвам часова абмежаваны рух транспарту на вуліцах Бабруйскай, Сухой і Мельнікайтэ.

Наталля Кузьміцкая працягне тэму.

“Вакзальная”, “Кавальская Слабада”, “Юбілейная”, “Плошча Багушэвіча” – зараз ідзе будаўніцтва першых чатырох станцый новай лініі падземкі. Асноўная частка работ па перакладцы інжынерных камунікацый на дзвюх з іх завершана, і метрабудаўцы пачалі ўзвядзенне канструкцый саміх станцый.

На “Вакзальнай”, першай перасадачнай станцыі трэцяй веткі метро, восенню пачнецца мантаж новага механізаванага тунэлепраходчага комплексу. Ён дазволіць павялічыць хуткасць збудавання тунэляў з 45 да 250 метраў за месяц.

Будаўніцтва новых ліній метро закране не толькі падземную, але і наземную частку горада. Так, па вуліцы Бабруйскай з-за ўзвядзення падземнага пешаходнага перахода паміж станцыямі “Вакзальнай” і “Плошча Леніна” да сакавіка 2017 года прыпынены трамвайны рух. Для транспарту закрытая вуліца Сухая, у верасні часткова абмяжуюць рух на вуліцы Мельнікайтэ. Аднак да такіх часовых нязручнасцяў мінчане ставяцца з разуменнем.

Разам з трэцяй лініяй метро жыхары горада атрымаюць новыя транспартныя развязкі і тратуары. Напрыклад, на вуліцы Жукоўскага на месцы былых будаўнічых пляцовак ужо адрамантавана дарога і пакладзены новы асфальт.