На трасах усё часцей з'яўляюцца ласі, алені і іншыя буйныя лясныя жывёлы

28 сентября 2019

У гэтыя дні ДАІ Мінскай вобласці раіць вадзіцелям быць асабліва асцярожнымі за рулём. На трасах усё часцей з'яўляюцца ласі, алені і іншыя буйныя лясныя жывёлы. Іх актыўнасць звязана з пачаткам шлюбнага сезона. Сёлета на дарогах Мінскага раёна з жывёламі сутыкнуліся 23 аўтамабілі. Часцей за ўсё лясных насельнікаў можна сустрэць у Барысаўскім, Лагойскім, Бярэзінскім і Стаўбцоўскім раёнах. Як дзейнічаць падчас нечаканай сустрэчы, раскажа Ілья Цвяткоў.

Рагатыя насельнікі лясоў перасталі баяцца чалавека - усё часцей выбягаюць на магістралі. Відэазапісы з аўтарэгістратараў і камер тэлефонаў літаральна запаланілі сацыяльныя сеткі гэтымі днямі. Жывёлы з'яўляюцца на дарозе нечакана, і на рэакцыю ў вадзіцеляў часу амаль не застаецца.

За апошні месяц Яўген Падымака двойчы сустракаў на трасе нечаканых спадарожнікаў. І абодва разы ў прыцемках. Заўважаў іх у апошні момант. Але так шанцуе не ўсім. Толькі ў Мінскім раёне сёлета не размінуліся з жывёламі 23 аўтамабілі.

Вадзіцелям і пасажырам рэдка ўдаецца пазбегнуць траўм. Аўтамабілі таксама атрымліваюць значныя пашкоджанні. Навукоўцы тлумачаць актыўнасць жывёл проста: восенню ў іх шлюбны перыяд. Яны актыўна мігрыруюць.

На асабліва ажыўленых участках, дзе дарога праходзіць праз лясныя масівы, усталяваныя спецыяльныя агароджы. Некаторыя з іх даўжынёй некалькі дзясяткаў кіламетраў. Часцей за ўсё сеткі спыняюць жывёл, але не заўсёды.

Пачуццё, з-за якога жывёлы ў асноўным з'яўляюцца на дарозе, – гэта страх. Яны баяцца святла фар аўтамабіляў, бо ім здаецца, што гэта лясны пажар. І вось у такім шокавым стане нават такая буйная жывёла, як лось, можа без праблем пераадолець агароджу вышынёй амаль два з паловай метры.

Ляснічы Юрый Даманскі на здарэнні з удзелам жывёл за гэты год выязджаў восем разоў. На яго думку, вырашыць праблему могуць спецыяльныя надземныя і падземныя канструкцыі - тунэлі альбо экадукі. Некалькі такіх пераходаў ужо з'явілася на трасе М4 і М6.

І ўсё ж першае правіла бяспекі на дарозе - быць уважлівым і асцярожным. Асабліва пасля захаду сонца.

Часцей за ўсё на трасах Мінскай вобласці лясных насельнікаў можна сустрэць у Барысаўскім, Лагойскім, Бярэзінскім і Стаўбцоўскім раёнах - менавіта паміж гэтымі тэрыторыямі жывёлы, як правіла, і мігрыруюць. Калі сутыкнення пазбегнуць не ўдалося, тэрмінова неабходна звязацца з супрацоўнікамі ДАІ.