На таргах прадавалі права нарыхтоўкі вінаграднага слімака

14 января 2017

У Бешанковіцкім раёне прайшоў аўкцыён, прадметам якога стаў незвычайны тавар. На таргах прадавалі права нарыхтоўкі вінаграднага слімака. Гэтага далікатэснага малюска, паводле ацэнкі спецыялістаў, у рэгіёне цалкам дастаткова, каб праводзіць яго нарыхтоўку ў прамысловых аб'ёмах. Багатага бялком слімака ўжываюць у ежу і выкарыстоўваюць у медыцыне. З Беларусі яго экспартуюць у краіны Еўропы. Каму далікатэс, а каму даход - рэпартаж Вольгі Маслоўскай.

Каб удзельнічаць у аўкцыёне, Яўген Цітовіч праехаў палову Беларусі. Вінаградны слімак для гродзенскага прадпрымальніка - у перспектыве даход. Ідэя заняцца гадоўляй малюскаў нарадзілася пасля порцыі эскарга - так завецца страва са слімакоў. Сыравіннай зонай выбраў  Віцебскую вобласць, але глядзіць на захад. Менавіта там жывуць знатакі далікатэсаў з беларускага Паазер'я.

Вінаградны слімак жыве на ўсёй тэрыторыі Беларусі. У Віцебскай вобласці нарыхтоўка малюска вядзецца ў 16 раёнах. Прамысловы запас - 230 тон.

Першы аўкцыён на права нарыхтоўкі вінаграднага слімака ў Віцебскай вобласці адбыўся пяць гадоў таму. Першапраходцам стаў Чашніцкі раён. У аўкцыёне ўдзельнічалі два бізнесмены, і тады першапачатковая цана за пятнаццаць хвілін узляцела ў пяць разоў. Сёння за лот змагаюцца тры прэтэндэнты. Пераможца аўкцыёну зможа нарыхтоўваць малюска на тэрыторыі Бешанковіцкага раёна на працягу пяці гадоў.

Гэтым разам таргі занялі не больш як 2 хвіліны. Шэсць тысяч тон слімакоў у год сышлі з малатка на трэцім кроку.

А паміж тым, каб паспытаць дэлікатэс, зусім не абавязкова ехаць у Парыж. Яго гатуюць і ў беларускай глыбінцы. Сваім брэндам вінаграднага слімака зрабілі ўладальнікі аграсядзібы ў Гарадоцкім раёне. І прапаноўваюць стравы з карыснага малюска сваім гасцям.

А яшчэ слімака завуць касметолагам - яго фермент разгладжвае маршчыны. У аграсядзібе нават задумаліся аб тым, каб адкрыць свой касметалагічны кабінет.