На сувязь з мінчанамі па суботах выходзіць кіраўніцтва адміністрацый і мэрыі

6 июня 2015

На працягу трох гадзін прадстаўнікі улад слухаюць скаргі, пытанні, заўвагі і прапановы. І хоць з кожным тыднем званкоў становіцца менш, усё ж такі невырашаныя пытанні застаюцца. Што хвалюе мінчан - ведае Антаніна Станкевіч.

Ужо 12 гадоў яны вядуць сваю барацьбу супраць розных забудоўшчыкаў. Спачатку на невялічкім пятачку ў мікрараёне Уручча хацелі пабудаваць сяміпавярхоўку. Зялёную зону атрымалася адстаяць. На тры гады трывожныя чуткі сціхлі. Але нядаўна прыйшло пісьмо з адміністрацыі раёна – дом з’явіцца і падрасце ў два разы: замест сямі паверхаў па плане пабудуюць 14.

Для жыхароў суседства з новым домам аўтаматычна азначае знікненне адзінай у мікрараёне зялёнай пляцоўкі. А між тым у квартале жывуць пераважна сталыя людзі. Хапае і маленькіх дзяцей. Гуляць ім проста няма дзе.

Іншыя “прывабнасці” так званага ўшчыльнення нават і пералічваць не трэба. Такім праблемам толькі на нашым канале прысвечаны не адзін рэпартаж.

Званок на прамую лінію даў сваю надзею. У мэрыі паабяцалі аператыўна разабрацца з праблемай і яшчэ раз ацаніць магчымасць будоўлі.

Шмат пытанняў сёння было прысвечана развіццю гарадской інфраструктуры. У мэрыі праблему прызнаюць, але яна паступова вырашаецца. Магазіны, майстэрні, атэлье і аптэкі крокавай даступнасці паступова з’яўляюцца там, дзе ў іх ёсць вялікая патрэба.

У наступную суботу кіраўніцтва горада таксама чакае тэлефонныя званкі ад неабыякавых мінчан. Час той жа – выказаць свае заўвагі і пажаданні можна з 9 да 12.