На сваіх выбарчых участках прагаласавалі кіраўнікі міністэрстваў і ведамстваў

11 октября 2015

На сваіх выбарчых участках сёння галасавалі вядомыя беларусы - кіраўнікі міністэрстваў і ведамстваў. Усе ў асноўным прыходзілі сем'ямі. Для кожнага з кіраўнікоў - гэта ўжо традыцыя - удзельнічаць у найважнейшых палітычных падзеях разам з самымі роднымі. Ну а пасля галасавання шматлікія адправіліся на працу, бо, як падкрэсліваюць выбаршчыкі, будучыня Беларусі залежыць, у тым ліку і ад таго, што мы самі робім для развіцця нашай краіны. Прадоўжыць Кацярына Шыбко.

Прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў на свой выбарчы ўчастак на праспекце Пераможцаў прыехаў бліжэй да апоўдня са сваёй жонкай. Разам зарэгістраваліся і атрымалі бюлетэні. Праўда, каб зрабіць свой выбар, прыйшлося нават крыху пастаяць у чарзе - ні адна кабіна для галасавання ў той момант не была свабоднай. Паток выбаршчыкаў тут, здавалася, увесь час павялічваўся. На гэтым жа ўчастку наша здымачная група сустрэла і віцэ-прэм'ера. Анатоль Калінін свой выбар прыйшоў рабіць таксама разам са сваёй другой паловай. Гэта як раз той выпадак, калі ў журналістаў ёсць магчымасць пазнаёміцца з сям'ёй палітыкаў. Бо для кожнага з кіраўнікоў - гэта ўжо традыцыя - удзельнічаць у найважнейшых палітычных падзеях разам з самымі роднымі.

Анатоль Калінін, намеснік прэм'ер-міністра Беларусі: "З добрым настроем мы прыйшлі з жонкай, а зараз мы паедзем, зменім нашых маладых дзяцей, возьмем эстафету ў траіх унукаў і адправім іх на галасаванне, так што ў нашай сям'і сёння свята".

Такая атмасфера - атмасфера сямейнага свята - адчувалася ва ўсіх рэгіёнах краіны. Назіральнікі 48-га выбарчага ўчастка адзначаюць яшчэ адну важную асаблівасць выбараў-2015 - тут у галасаванні актыўней усіх удзельнічала моладзь.

Аляксандр Стахавец, назіральнік: "На нашым участку не было парушэнняў. Мы бачылі толькі праяўленне актыўнасці, як сталае так і юнае наша пакаленне прыходзілі, галасавалі з добрым настроем".

Наколькі выбар кожнага важны для будучыні краіны, Старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька і яго жонка расказвалі ўнуку. Малога ўзялі з сабою на выбарчы ўчастак і нават даручылі адказную місію - кінуць бюлетэні. Праўда, адразу пасля галасавання Старшыня Белтэлерадыёкампаніі адправіўся на працу.

Генадзь Давыдзька, Старшыня Белтэлерадыёкампаніі: "Любіць Радзіму - гэта працаваць на яе карысць. Гэта не махаць флагамі на плошчах і крычаць за нейкія перамены, а перамены вяршыць сваёй працай. Я мару аб краіне, якую будуць усе любіць, а не потым разрываць на кавалкі ўнутранымі супярэчнасцямі".

Са сваёй сям'ёй на ўчастку №1 па традыцыі ў асноўны дзень галасавання зрабіў свой выбар і памочнік Прэзідэнта Беларусі па нацыянальнай бяспецы Віктар Лукашэнка. У кабіны для галасавання муж і жонка заходзілі разам з дзецьмі. Для малых - гэта свята, калі яны могуць адчуць сябе ўдзельнікамі такой важнай падзеі. 

Менавіта так зараз успамінае свой паход на галасаванні разам з бацькамі старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Леанід Анфімаў. Дагэтуль свой выбар імкнецца рабіць у дзень, калі галасуе ўся краіна, каб стаць часткай вялікай урачыстасці.

Леанід Анфімаў, старшыня КДК Беларусі: "Я ўспамінаю, яшчэ хлопчыкам быў маленькім, калі праводзіліся выбары ў Савецкім Саюзе, якая святочная атмасфера панавала: яны прыбіраліся, ішлі на выбарчы ўчастак. Для мяне гэта ўспрымалася нейкай таямніцай. Я з вялікім нецярпеннем чакаў, калі мне споўніцца 18, каб далучыцца да гэтай касты, як мне здавалася, значных людзей, якія ўдзельнічаюць у палітычным жыцці краіны. Гэтае пачуццё захавалася дагэтуль".

У дзень, калі робіць выбар уся краіна, свой голас аддаў і старшыня цэнтральнага савета Прэзідэнцкага спартыўнага клуба Дзмітрый Лукашэнка. На ўчастак ён прыйшоў, як і большасць вядомых кіраўнікоў, з жонкай. Паставіўшы аўтограф у спісах выбаршчыкаў - кожны адправіўся ў кабіну для галасавання.

Шматлікія вядомыя беларусы галасавалі датэрмінова - на працягу тыдня. У залежнасці ад свайго працоўнага графіка. Бо ў некаторых кіраўнікоў міністэрстваў і ведамстваў на сёння былі запланаваныя камандзіроўкі. Зрэшты, як бы не ставіліся міжнародныя назіральнікі ад БДІПЧ АБСЕ, - гэта сусветная практыка. І зроблена гэта ў першую чаргу для камфорту. Напрыклад, у некаторых штатах Амерыкі датэрміновае галасаванне пачынаецца за 2,5 месяцы да дня выбараў. Дарэчы, сам Барак Абама ў свой час галасаваў датэрмінова.

Але тое, што, напэўна, адзначаць назіральнікі, выбары відавочна не назавеш сумнымі, нягледзячы на тое, што само галасаванне праходзіла спакойна. У Дзяржынскім раёне выбаршчыкаў сустракалі з музыкай - тут, па прапісцы, галасаваў губернатар Мінскай вобласці Сямён Шапіра. На ўчастак ён прыехаў са сваёй дачкой, якая свой выбар рабіла ўпершыню.

Сямён Шапіра, губернатар Мінскай вобласці: "Гэта вельмі прыемнае пачуццё, што чалавек ужо вырас, стаў членам грамадства паўнапраўным, і мне вельмі прыемна, вельмі добра, утульна. Я думаю, усім нам утульна, што нашы дзеці растуць у міры, у згодзе. Мы бачым, што ў іх на твары ўсмешка".

На некаторых участках выбаршчыкам падрыхтавалі сюрпрыз - прафесійны фатограф для кожнага жадаючага ён мог зрабіць іх асабісты рэпартаж з дня галасавання, вядома ж, цалкам бясплатна. Фатаграфіі на памяць аб важным для ўсіх беларусаў дні, калі мы разам зрабілі свой выбар.



Зараз чытаюць

Рэкамендуемыя