На старонках "Аршанскай газеты" - поўная карціна жыцця рэгіёна

1 февраля 2019

Вось ужо месяц як Аршанскі раён жыве згодна з указам Прэзідэнта № 506. Па сутнасці, палажэнні гэтага дакумента - дарожная карта развіцця рэгіёна на наступныя пяць гадоў. Дакумент прадугледжвае істотнае паніжэнне падатковай нагрузкі для прадпрыемстваў і ІП, якія зарэгістраваныя і працуюць на тэрыторыі Аршанскага раёна.

Асаблівая ўвага - стварэнню рабочых месцаў. У рэгіёне плануюць штогод працаўладкоўваць не меней як 800 чалавек. Перазагрузка Оршы - у спісе самых папулярных матэрыялаў на старонках раённай газеты. У рэдакцыі "Аршанскай газеты", якая ўжо больш за 100 гадоў вядзе летапіс ператварэнняў у рэгіёне, і пачала свой рабочы дзень наша здымачная група.

Расказвае Вольга Маслоўская.

Тыднёвы тыраж - 16 000 экзэмпляраў, 28 палосаў, напоўненых навінавымі нататкамі, аналітычнымі артыкуламі, рэпартажамі. "Аршанская газета" - адзіная раёнка ў Віцебскай вобласці, якая выходзіць тройчы на тыдзень. Прытым што рэдакцыя - усяго 14 чалавек, журналістаў шэсць, ім па сілах рабіць актуальную і цікавую газету.

Сёння "Аршанская газета" - гэта не толькі звыклы папяровы фармат. Яшчэ інтэрнэт-версія, старонкі ў сацыяльных сетках, а з нядаўняга часу яшчэ і ўласны ютуб-канал.

Сярэдні ўзрост калектыва рэдакцыі - 37 гадоў. Галоўнаму рэдактару Анастасіі Турок і таго меней. Выпускніца журфака БДУ ўзначаліла газету ў 29. Пры ёй раёнка змяняе дызайн, з'яўляюцца новыя рубрыкі, конкурсы для падпісчыкаў. У штат прыходзяць маладыя журналісты.

На старонках газеты - поўная карціна жыцця рэгіёна. У Год малой радзімы журналісты пабывалі ва ўсіх сельскіх саветах Аршанскага раёна. Асаблівая ўвага - эканоміцы. "За радком 506-га ўказа" - новая рубрыка раёнкі. Тут і растлумачэнні, чаму весці бізнес у Аршанскім раёне выгадна, і першыя вынікі працы паводле новага дакумента.

Скарыстацца прэферэнцыямі 506-га ўказа Прэзідэнта мае намер і гэтае прыватнае прадпрыемства па вырошчванні і перапрацоўцы лекавых раслін. Тут падрыхтавалі пакет дакументаў, якія пацвярджаюць, што іх прадукцыя зробленая ў Оршы.

Сэканомленыя дзякуючы прэферэнцыям сродкі прыватнік мае намер укласці ў перабудову старой школы. Там абсталюе цэх па выпуску алеяў. Гэта значыць, што неўзабаве з'явіцца імпартазамяшчальны прадукт і новыя рабочыя месцы для аршанцаў. Штогод у рэгіёне маюць намер працаўладкоўваць да 800 чалавек. У тым ліку і за кошт развіцця асабістай дзелавой ініцыятывы. Так, 40 жанчын з камерцыйнай жылкай і жаданнем працаваць на зямлі аб'яднаў сацыяльны праект пад рабочай назвай "Прадпрыемлівая землеўласніца". Праект падоўжыцца да канца года, і за гэты час, як плануюць арганізатары, колькасць удзельніц узрасце да шасцісот. Аўтары самых паспяховых стартапаў абавязкова стануць гераінямі публікацый у мясцовай газеце.