На шклозаводзе ў Бярозаўцы пачалі выпускаць шляных пацукоў і мышэй ручной работы

7 декабря 2019
Сувенірная прадукцыя ў выглядзе сімвала надыходзячага года – даўняя традыцыя прадпрыемства. Спецыяльны навагодні заказ выконваюць толькі вопытныя майстры-шкловыдзімальшчыкі. Неабходную форму расплаўленаму шклу яны надаюць пры дапамозе паветра. За змену спецыяліст вырабляе каля трох дзясяткаў маленькіх грызуноў самай рознай формы і колеру. 

Аб тэхналогіі вытворчасці эксклюзіўнай прадукцыі ў рэпартажы Юрыя Карняловіча.  У майстра-шкловыдзімальшчыка Валерыя Багінскага зараз самая адказная пара. Напярэдадні навагодніх свят яму даручана філігранная праца. З распаленага шкла зрабіць фігуркі пацукоў і мышэй – сімвалаў новага, 2020, года. Увасобіць усе тонкасці маленькіх жывёл усяго за некалькі секунд - задача не з лёгкіх.

За змену майстар можа зрабіць да 30 фігурак пацукоў. Аб’ёмы дастаткова вялікія, улічваючы, што ўвесь працэс праходзіць уручную. Увогуле, прафесія шкловыдзімальшчыка штучная ў краіне. Яе нельга спасцігнуць у навучальных установах. Шклозавод рыхтуе сваіх спецыялістаў непасрэдна на вытворчасці. Толькі пад кіраўніцтвам больш вопытных калег можна навучыцца рабіць шкляныя шэдэўры. Валерый Багінскі спасцігаў усе тонкасці рамяства на працягу 40 гадоў.

Традыцыя вытворчасці такіх навагодніх сувеніраў налічвае больш як два дзясяткі гадоў. Прычым, прадукцыя, зробленая ўручную, апошнім часам становіцца ўсё больш папулярнай. А таму падрыхтоўчыя работы на заводзе пачынаюцца яшчэ з вясны.

Перш, чым шкляныя пацукі трапляюць на рэалізацыю, праходзіць шмат часу. Спачатку над вобразамі працуюць мастакі. Свае ідэі яны ўвасабляюць у пластыліне. Затым падключаюцца майстры са сваімі прапановамі. У выніку атрымліваецца вось такі сімвал будучага года.

Мастак Яўген Латушка якраз і ўвасабляў вобраз маленькага грызуна ў трохвымернай фігурцы. Прызнаецца, працэс гэты не хуткі, над матэрыялам працаваў некалькі месяцаў. Навагоднія шкляныя сувеніры - гэта яшчэ адзін этап у развіцці прадпрыемства. Разлічаны яны ў тым ліку і на замежных турыстаў. У сувязі з тым, што Лідскі раён у лістападзе быў уключаны ў бязвізавую зону, тут прагназуюць павышаны попыт на такую прадукцыю.

У сваю чаргу мастакі прадпрыемства прыступілі да распрацоўкі новых вобразаў ужо на 2021 год. Як вядома, яго сімвалам стане бык.