На наступным тыдні ў Мінску запрацуюць атракцыёны

17 апреля 2019

Інжынеры-электрыкі завяршаюць праверку тэхнічнага стану канструкцый. Каб наведвальнікі маглі быць упэўнены ў бяспецы, дыягностыку праводзіць і Дзяржпрамнагляд. Рэпартаж Юліі Токар.

У сталічных парках снег даўно растаў, і надвор'е, на шчасце, усё хутчэй набліжае нас да лета. Таму крылатыя арэлі пачынаюць свой разбег, праўда, пакуль без наведвальнікаў.

Але ў парку імя Чалюскінцаў і без гасцей насычаны час. Тут курсіруюць трактары, рабочыя добраўпарадкоўваюць тэрыторыю. Каб пасля зімы любімая сямейная пляцоўка сустрэла гараджан абноўленай. 

Інжынер-электрык Мікалай Мартыновіч расказвае, як праводзіць выпрабаванне "Лятаючай талеркі". Атракцыён узлятае да аблокаў на вышыню з трохпавярховы дом, таму неабходна дакладна праверыць яго на трываласць. Мяшкі з пяском - самы надзейны метад. А вось ля "Каліпса" - іншыя работы. Гэта самыя насычаныя святлом арэлі - стракатых лямпачак больш за трыста. Спраўнасць кожнай - таксама пад пільным вокам электрыкаў.

Пасля кансервацыі кожны атракцыён, а іх у Мінску 59, патрабуе індывідуальнай праверкі. Тэхнічнае выпрабаванне рыхтуюцца прайсці і экстрымальныя. Кабіны "Джамба Джэта" па рэйках паднімаюцца на вышыню 15 метраў і з хуткасцю 50 кіламетраў за гадзіну нясуцца па рэзкіх закручаных завесах. Каб не толькі атрымаць адрэналін, але і быць упэўненымі ў бяспецы, тэст-драйв ідзе на працягу месяца. 

Пракаціць наведвальнікаў атракцыёны гарадскіх паркаў гатовы ўжо 24 красавіка. Услед за арэлямі пасля зімы прачнуцца і фантаны. 

Касметычны рамонт штучных крыніц сёння праводзяць па вуліцы Леніна і на праспекце Пераможцаў. Абнаўляць тэхнічны стан неабходна штогод. Таму кожную канструкцыю добра мыюць, чысцяць ад вапнавага налёту, каб не ўтвараліся пячорныя сталактыты. 

Акрамя таго, трэба праверыць падключэнне фантанаў да сістэмы таймераў, каб 26 красавіка адначасова запусціць усе водныя кампазіцыі ў Мінску.