На сайце Белтэлерадыёкампаніі прайшла анлайн-канферэнцыя з Дзмітрыем Мірончыкам

15 февраля 2017

Пяцідзённы тэрмін знаходжання ў нас без візы можа быць падоўжаны да 12-ці дзён. Сёння гэта заявіў прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык падчас анлайн-канферэнцыі на сайце Белтэлерадыёкампаніі.

Дзмітрый Мірончык, начальнік упраўлення інфармацыі - прэс-сакратар МЗС Беларусі: "Магчымасць санаторна-курортнага лячэння і адпачынку - гэта адметнасць Беларусі. Гэтая сістэма ў нас захавалася, яна ўдасканальваецца, яна на вельмі добрым узроўні. Стандартны тэрмін знаходжання ў санаторыі, г. зн. санаторная пуцёўка - гэта 12 або 24 дні. Калі мы будзем рабіць наступны крок і задумвацца аб тым, як завабіць іншаземцаў у санаторыі, то лагічна гаварыць пра 12 ці 14 дзён плюс дзень прыезду і дзень ад'езду".

Дзмітрый Мірончык расказаў таксама аб пашырэнні геаграфіі прадстаўніцтваў Беларусі ў еўрапейскіх і азіяцкіх рэгіёнах.

Зараз МЗС Беларусі абмяркоўвае магчымасць увядзення бязвізавага ўезду з Малайзіяй, Сінгапурам, Філіпінамі, Уругваем, Перу, Аманам і Македоніяй. Кошт жа шэнгенскіх віз для беларусаў можа быць зніжаны. Падрабязнасці - у відэаверсіі канферэнцыі на партале tvr.by, а таксама на youtube-канале АТН.