На рацэ Заходняя Дзвіна працягваецца будаўніцтва Віцебскай гідраэлектрастанцыі

20 мая 2015

Як знайсці кампраміс, калі на адных шалях - дзяржаўны аб'ект, мільярды ўкладзеных сродкаў і мільёны спажыўцоў патэнцыйнага рэсурсу, на іншых - прыватныя ўладанні і прынцып "уласнасць даражэйшая за грошы". На рацэ Заходняя Дзвіна працягваецца будаўніцтва Віцебскай гідраэлектрастанцыі. Гэта маштабны інвестыцыйны праект. Выгада ад яго рэалізацыі пралічаная на дзесяцігоддзі наперад. Аднак узвядзенне важнага для энергетыкі рэгіёна і краіны аб'екта закранае прыватныя інтарэсы. Уздоўж берагоў Заходняй Дзвіны размешчаныя дачныя кааператывы. Паводле праекта, гэтыя землі падлягаюць затапленню. Уладальнікам дач выплачваецца кампенсацыя. Але расставацца са сваімі соткамі жадаюць не ўсе. 

У сітуацыі разбіралася Вольга Маслоўская.

Ужо праз год Віцебская гідраэлектрастанцыя на Заходняй Дзвіне дасць першыя кілаваты "зялёнай" электраэнергіі. У перспектыве гэта будзе самы магутны гідравузел у Беларусі. Станцыя забяспечыць электраэнергіяй цэлы раён і дасць магчымасць эканоміць бюджэту сем мільёнаў долараў за год на закупе газу.

Калі плаціна перагародзіць Заходнюю Дзвіну, узровень вады ў рацэ паднімецца на 9 метраў. Месца, дзе я зараз знаходжуся, стане рачным дном. Як і соткі мясцовых дачнікаў.

І гэта адзіны камень спатыкнення ў перспектыўным і дасканала прадуманым праекце. У зону затаплення трапляюць 3 садоўніцкія кааператывы. Праца па зносе будынкаў ужо пачалася. Домаўласнікам віцебскія энергетыкі ўжо выплацілі сем мільярдаў рублёў кампенсацыі.

Дзмітрый Бердашкевіч усяго два тыдні таму даведаўся аб тым, што зносу падлягае і яго загарадны дом. І гэта, нягледзячы на тое, што будынак у зону затаплення не ўваходзіць. Аказваецца, дадатковая экспертыза ўстанавіла: палова дачнага кааператыва "Суднабудаўнік" ператворыцца ў балота.

Патрабаванне вызваліць зямлю энергетыкі тлумачаць клопатам аб дабрабыце дачнікаў. Гатовыя кампенсаваць выдаткі. А вось саміх домаўласнікаў перспектыва стаць людзьмі на балоце не палохае. Гавораць, занадта шмат сіл і сродкаў укладзена ў гэтыя соткі.

Са сваёй праблемай дачнікі звярнуліся да ўлад. Паспешлівых высноў быць не павінна - рэзюмавалі там. Зараз энергетыкі шукаюць кампраміснае рашэнне.

Юрый Міцькавец, намеснік генеральнага дырэктара па капітальным будаўніцтве РУП "Віцебскэнерга": "Сёння яны гавораць, што гатовыя жыць на балоце, а заўтра скажуць: дайце кампенсацыю і знасіце. Калі мы не зробім гэта зараз, потым правесці гэтыя працы, калі ложа ракі будзе запоўнена, будзе цяжка. Рашэнне павінна быць аптымальным, каб задаволіла ўсе бакі".

Пад асабісты кантроль праблему ўзяў губернатар паўночнага рэгіёна. Бо рашэнне трэба прымаць не толькі ўзважана, але і аператыўна. Запаволенне будаўнічых прац на ГЭС нават на некалькі дзён істотна падарожыць праект.