"На работу на веласіпедзе"

9 февраля 2018

Амаль 200 мінчан сёння прыехалі на працу на веласіпедзе. Такім чынам актывісты веларуху падтрымалі сусветную зімовую акцыю "На работу на веласіпедзе". Па ўсім свеце ў экалагічным мерапрыемстве прынялі ўдзел больш за 15 тысяч веласіпедыстаў. Не спалохалася зімы і далучылася да актывістаў і Наталля Кузьміцкая.

Паўдзельнічаць у акцыі «На работу на веласіпедзе» вельмі проста. Я вось ужо выканала заданне. Бачу, сёння я не адна. Цяпер можна і папрацаваць.

Зімовая экаакцыя ладзіцца ўжо шосты год запар, каб нагадаць пра тое, што веласіпед можа быць не толькі летнім фітнесам, але і паўнавартасным відам транспарту. Павел Шайко круціць педалі круглы год. Зімовая язда для яго нічым не адрозніваецца ад велапрагулак вясной ці летам. Галоўнае - паклапаціцца аб адпаведным адзенні і абутку для двухколавага.

Веласіпедныя вандроўкі зімой бадзёраць лепш за каву ці душ. Сёння гэта на сабе праверылі амаль 200 мінчан падчас акцыі, усяго па краіне - каля 400 беларусаў.

Цікавасць да гэтага экалагічнага транспарту расце з кожным годам. З красавіка, калі пачынаецца сезон масавага катання, у сталіцы адбываецца шмат спартыўных і забаўных велачэленджаў.

Той жа, хто выбірае веласіпедны спорт круглы год, у трайным плюсе. Заўзятыя веласіпедысты эканомяць на праездзе ў транспарце і трэнажорнай зале, а таксама на леках, бо, зразумела, маюць добрую загартоўку.