На шляху да доўгачаканага міру

12 февраля 2015

Марафонскія перамовы палітыкаў у беларускай сталіцы - кульмінацыя шматбаковых намаганняў на шляху да доўгачаканага міру. Такое меркаванне выказваюць шматлікія міжнародныя аналітыкі. А мінскую сустрэчу называюць ужо не проста надзеяй, а канкрэтным крокам. І ў адным меркаванні адзіныя - вынік саміту можна назваць станоўчым.

Расказвае Андрэй Крывашэеў.

Мір або перамір'е. Менавіта гэтыя два аднакарэнныя словы падзяляюць сёння экспертаў на аптымістаў і рэалістаў. Першыя ўпэўнены - запушчаны ў Мінску працэс незваротны. Спачатку бакі складуць зброю, затым выйдуць на новы палітычны кантракт уладкавання Украіны, Еўропы і трансатлантычных адносін. Рэалісты не зазіраюць так далёка. Прызнаючы безумоўны прагрэс пагадненняў у Беларусі, яны асцерагаюцца магчымых правакацый, дыпламатычнай цяганіны, розных тлумачэнняў або празмерных амбіцый удзельнікаў перамоў. У выніку формула "яшчэ не мір, але ўжо перамір'е" аб'ядноўвае большасць. У першую чаргу ў пакутнай Украіне.

Вадзім Карасёў па тэлефоне:

"Гэта крок наперад - не прарыў, але крок наперад да міру. Далей, вядома, пачнецца самае цяжкае. Трэба будзе прадумаць гарантыі, механізмы выканання пагадненняў. Трэба рэальнае спыненне агню, трэба рабіць усё, каб ваенныя дзеянні не аднавіліся. І калі атрымаецца рэальнае спыненне агню, атрымаецца адвод узбраенняў і войскаў, вось тады і можна будзе выходзіць на сур'ёзны дыпламатычны марафон па палітычнай, адміністрацыйнай і юрыдычнай рэінтэграцыі той часткі Данбаса, якую кантралююць сепаратысты, ва ўсеўкраінскі палітычны працэс. А гэта - мясцовыя выбары, асаблівы статус, канстытуцыйныя змяненні і г.д".

Мікалай Шчокін, кандыдат філасофскіх навук:

"Будуць эканамічныя пертурбацыі… Паверце, эканамічная сітуацыя ва Украіне катастрафічная. У гэтым сэнсе яшчэ наперадзе праца, якая мінімізавала тыя наступствы, якія на дадзены момант ёсць".

Пётр Пятроўскі, каардынатар кансерватыўнага цэнтра NOMOS:

"У адрозненне ад папярэдніх пагадненняў дадзенае пагадненне мае адно якаснае адрозненне. Тут выразна прапісаны сам механізм пагаднення, тэрміны выканання, разлічаныя да канца 2015 года. Таму ад тых бакоў, якія ўдзельнічалі ў перамовах, сёння і залежаць пагадненні, бо ад іх добрай волі і залежыць мір на Данбасе".

Галоўнымі гарантамі мінскіх пагадненняў сёння сталі лідары "нармандскай чацвёркі" - Пуцін, Парашэнка, Меркель і Аланд. Гэта за іх мімікай, жэстамі і абрыўкамі фраз, часам падглядваючы ў крыху прыадчыненыя дзверы, з напружаннем сачылі ўсю ноч журналісты і аналітыкі. У выніку лідары паставілі на кон свае палітычныя біяграфіі. "Слова і справа" - іх словы пачутыя, зараз выпрабаванне справай.

Аляксандр Шпакоўскі, палітычны аналітык:

"У нас гавораць, што напісана пяром, тое не высячэш сякерай. Вельмі б хацелася, каб тыя людзі, якія зараз трымаюць зброю па абодва бакі фронту, што напісана пяром усё ж сякерай не высякалі. Мінск увайшоў у гісторыю, як сталіца рэспублікі, у якой сапраўды быў дасягнуты мір у нашай братэрскай Украіне, таму што больш чым беларускі народ, беларускае кіраўніцтва, наша дзяржава ў свеце ніхто не зацікаўлены".

Віктар Шадурскі, прафесар, дэкан факультэта міжнародных адносін БДУ:

"Мы разумеем, што вярнуцца да ранейшага жыцця, той бяспекі стабільнай будзе вельмі складана. Але трэба рухацца ў гэтым кірунку, таму і дэкларацыя кіраўнікоў дзяржаў прынятая. Яна сапраўды паказвае правільны кірунак, як гэта будзе выконвацца, як хутка, з якімі парушэннямі. Але ў цэлым прапісаны 11 пунктаў, яны даюць адказ, як наладзіць мір".

Усевалад Шымаў, палітолаг:

"Дадзены дакумент з'яўляецца прамежкавым варыянтам. Хутчэй за ўсё, яго асноўная мэта - спыніць актыўную фазу баявых дзеянняў. Але для доўгатэрміновага міру спатрэбяцца шматлікія дыпламатычныя намаганні, перамовы і гэтак далей".

Супярэчнасці застаюцца, але галоўны крок зроблены - пра гэта часам непрымірымыя ў ацэнках эксперты з Расіі і Украіны.

Канстанцін Бандарэнка па тэлефоне:

"Вынікамі перамоў стала тое, што з 0 гадзін 15 чысла спыняюцца баявыя дзеянні. Спыняюцца абстрэлы населеных пунктаў, гібель мірнага насельніцтва і салдат. Але не праглядваецца механізм кантролю і гарантый выканання перамір'я. Г.з. любая правакацыя можа разбурыць нетрывалы мір. Фактычна застаюцца незразумелымі некалькі момантаў, звязаных са статусам Данбаса".

На зямлі і на небе - заклікі да дзейснага зыходу мінскага саміту гучалі ў малітвах. Да гэтага ўчора на сайце Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі заклікаў Архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Яго падтрымала абсалютная большасць вернікаў. Мітрапаліт асабіста маліўся за поспех сустрэчы "нармандскай чацвёркі". Сёння ўжо відавочна - малітвы пачутыя.

Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі:

"Я вельмі рады таму, што адбылося ў Мінску. Было дасягнута гэта паразуменне. Учора я звярнуўся да нашых вернікаў, яны маліліся і вечарам, я таксама цэлебраваў у мінскай катэдры святую імшу. Я таксама заклікаў вернікаў маліцца і бачна было, я бачыў па людзях – я ўжо не першы год святар і біскуп не першы год – я бачу, як яны перажывалі гэта, як яны маліліся. І дзякуй Богу, а Бог дзейнічае праз людзей і дзякуючы ўсім тым, хто арганізаваў гэта спатканне, хто быў ініцыятарам яго. Трэба тут падзякаваць і прэзідэнту Францыі, і канцлеру Германіі, і расійскаму прэзідэнту, і прэзідэнту ўкраінскаму, таксама беларускаму прэзідэнту. За імі таксама стаяла цэлая каманда людзей, за арганізацыю гэтага спаткання. Ужо другі раз у верасні мінулага года таксама было падпісана пагадненне мінскае – яно пашло яшчэ далей. Такім чынам Мінск таксама адыграў і спадзяюся далей будзе адыгрываць вельмі пазітыўную ролю – міратворчую ролю ў тым, каб у братняй Украіне сапраўды быў мір. Для гэтага мая ўдзячнасць і вернікаў, якія маліліся".

У 45-м "Нармандыя-Нёман", праз 70 гадоў Нармандыя-Мінск. Сімвалічныя франка-беларускія фарматы. Тады авіяполк, сёння сумесная дыпламатыя набліжалі мір у Еўропе. Важна: роля Мінска як цэнтральнай міратворчай пляцоўкі безумоўна прызнана афіцыйным Парыжам.

Павел Латушка, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Францыі:

"16 студзеня мне давялося размаўляць з прэзідэнтам Францыі падчас дыпламатычнага прыёму для дыпламатаў, акрэдытаваных у Парыжы. Прэзідэнт Францыі адзначыў важную ролю Прэзідэнта нашай дзяржавы і Беларусі ва ўрэгуляванні сітуацыі, якая склалася ва Украіне. У Францыі на афіцыйным узроўні гэта бачаць і ацэньваюць. Таксама гэта бачна ў грамадстве праз СМІ. Я ўпэўнены, што мінскія перамовы будуць фактарам, які стабілізуе сітуацыю ў Еўрапейскім рэгіёне, палітычную сітуацыю".

Вінцэнта Фалькоза, саветнік пасольства Францыі ва Украіне:

"Беларусь мае добрыя адносіны з усімі краінамі ў рэгіёне. Беларусь экспартуе ў Расію, з'яўляецца членам Мытнага саюза, але ў той жа час экспартуе шмат ва Украіну. Украіна буйны камерцыйны партнёр. Пазіцыя Беларусі дазваляе развіваць камерцыйныя адносіны з усімі іншымі краінамі. Гэта цэнтральная пляцоўка".

Новая сістэма еўрапейскай бяспекі, разумны і канструктыўны нейтралітэт Аляксандра Лукашэнкі і ўсёй Беларусі - пра гэта эксперты гавораць не дамаўляючыся, часам выкарыстоўваючы зразумелыя любому словы: "арганізацыя - супер", "былі як дома".

Вадзім Карасёў па тэлефоне:

"Супер! Тут я іншых не магу знайсці слоў, таму што гэта з усіх пунктаў погляду аптымальная пляцоўка. І з пункта погляду геаграфіі, лагістыкі, перамяшчэння лідараў, канструктыўны нейтралітэт у канфлікце Лукашэнкі, Беларусі. Паколькі мастацтва дыпламатыі заключаецца ў тым, каб вось так быць патрэбным усім, нягледзячы на былыя непаразуменні. Мінск-2 можа стаць пунктам адліку для канструявання новай Еўропы, новай сістэмы еўрапейскай кантынентальнай сістэмы бяспекі".

Аляксей Мухін, генеральны дырэктар Цэнтра палітычнай інфармацыі, Расія:

"Мінская пляцоўка была зручнай, таму што месца правядзенне гэтай сустрэчы не належала ні аднаму з зацікаўленых бакоў. І зразумела, што такая нейтральная пляцоўка была вельмі прывабнай і ў тым ліку для Расіі. Таму што Расія і Беларусь маюць саюзныя адносіны. І, па сутнасці, расіяне адчувалі сябе як дома".

Яшчэ больш эмацыянальна аб выніках мінскага саміту - на інтэрнэт-форумах. Ад расійскага "РІА-Навіны" да французскай Le Figaro.

"Справа зроблена, пачынаем працаваць" - г.з. кантракт падпісаны, зараз яго трэба выканаць. Гэтая нямецкая прымаўка як нельга лепш апісвае і мінскі саміт, і наступныя найважнейшыя ў справе міру дні і тыдні. Гэта ўжо шмат: сабраць у беларускай сталіцы самых уплывовых людзей у Еўропе, пасадзіць за адзін перагаворны стол, забяспечыць лідараў, дыпламатаў, экспертаў і прэсу ўсім неабходным для працы. Але яшчэ больш, каб пакінуўшы гасцінную Беларусь, іх словы не разышліся са справай. Прынамсі афіцыйны Мінск зрабіў і будзе рабіць для гэтага ўсё магчымае.