На апошні званок у “Мінск-Арэну” запрасілі восем тысяч сталічных выпускнікоў

23 мая 2018

30 чэрвеня спартыўная пляцоўка ператворыцца ў святочную для 11-класнікаў з усёй краіны. Зараз пакуль яшчэ школьнікі сумяшчаюць падрыхтоўку да выпускных вечароў і экзаменаў. А ім ужо гатовая змена - з 12 чэрвеня пачынаецца прыём дакументаў на залічэнне ў першыя класы. Папярэднічаюць гэтаму дні адкрытых дзвярэй у гімназіях і школах. Наталля Кузьміцкая працягне тэму.

Пакуль яшчэ вучні 11 А, хутка, магчыма, студэнты БДУ, БНТУ, будучыя ўрачы, інжынеры, архітэктары. Для Максіма Багдановіча ўвогуле ўступная пара ўжо завершана – месяц таму ён быў залічаны ў адзін з самых прэстыжных універсітэтаў свету. Мабыць, у вучэбных аўдыторыях Гарварда будзе расказваць пра паэзію свайго вядомага цёзкі.

Звычайна ў выпускнікоў гэтай гімназіі не бывае праблем з паступленнем ў абраную ВНУ. Сярод іх не толькі пераможцы творчых і прадметных алімпіяд, сапраўды таленавітыя і апантаныя дзеці, якія потым паспяхова праяўляюць сябе ў студэнцкім жыцці.

Гімназія, адна з пяці ў Мінску, беларускамоўная. Хутка, як і ва ўсіх установах адукацыі, тут пачнецца набор у першыя класы. Падрыхтоўку дзяцей да навучання прапануюць з дзіцячага садка.

Ужо другі год запар для бацькоў і іх дашкалят, якія плануюць ісці ў гімназію, і тых, хто магчыма яшчэ не вызначыўся, ладзіцца дзень адчыненых дзвярэй. Міла Астапенка не выпадкова прыйшла сюды са сваёй маці. Старэйшая сястра таксама вучаніца гімназіі, таму над пытаннем куды аддаць малодшую, бацькі доўга не разважалі.

Вучні гімназіі тут не толькі атрымліваюць веды - развіваюць свае таленты ва ўзорных харавым і танцавальным калектывах "Дзянніца" і "Сябрына".

Падчас такіх сустрэч бацькі могуць даведацца аб ўсіх перавагах навучальнай установы, пазнаёміцца з будучымі настаўнікамі, гісторыяй і традыцыямі гімназіі.