На дапамогу праваахоўнікам прыйшлі новыя тэхналогіі

9 октября 2013

Нелегальных самагоншчыкаў адшукваюць з вышыні палёта птушкі. На гэтым тыдні ўпершыню для пошуку падпольных самагонных вытворчасцяў супрацоўнікі абласной міліцыі сумесна з МНС паднялі ў паветра беспілотнік. Дарэчы, апарат Бусел-М абсталяваны цеплавізарам. Аб выніках эксперыменту даведалася Аляксандра Штэмплеўская.



Некранутая прырода Налібоцкай пушчы - раздолле не толькі для жыўнасці. Непраходныя нетры дазваляюць выжываць тут яшчэ аднаму, на жаль, не рэдкаму віду - самагоншчыкам. Там, дзе скрозь зараснікі, не праехаць і не прайсці, застаецца толькі адно - падняцца ў неба. На гэтым тыдні ўпершыню беспілотнік Бусел-М кружыў над Валожынскім раёнам, каб вылічыць каардынаты падпольных спіртзаводаў. Да месцаў злачынства сталёвую птушку вядзе не нюх, а цяпло - лятальны апарат абсталяваны цеплавізарам.


Віталь Казлоў, начальнік упраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі УУС Мінскай вобласці: Сам цеплавізар дазваляе вызначыць крыніцы цяпла на аснове розніцы тэмператур навакольнага асяроддзя і якой-небудзь крыніцы. Адпаведна, вельмі вялікая інтэнсіўнасць цяпла там, дзе адкрытая крыніца агню альбо самагонная брага.


Відэаздымка мясцовасці ў рэжыме рэальнага часу адлюстроўваецца на маніторах. За пультам кіравання - калегі з МНС. На экранах нават нязначная крыніца цяпла адлюстроўваецца яркай жоўтай плямай. І вось першыя вынікі - у 4 пунктах цеплавізар рэгіструе анамальна высокі градус тэмпературы - ужо на месцы падазрэнні пацвердзяцца: у катлах на беразе ракі і праўда павышаўся градус самагоннай брагі.


Віталь Казлоў, начальнік упраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі УУС Мінскай вобласці: Мы выявілі пры дапамозе цеплавізара тыя пункты самагонаварэння, якія працавалі. Па прыбыцці туды супрацоўнікаў міліцыі гэта было пацверджана, канфіскаваныя самагонныя апараты, вывезеныя на ўтылізацыю, на металалом. У адным выпадку самагонны апарат выяўлены ў прыватным домаўладанні.


Як паказала практыка, маленькі беспілотнік прыносіць вялікі плён. Зараз схавацца ад пільнага позірку праваахоўнікаў наўрад ці атрымаецца. Зараз самагоншчыкам прыйдзецца несалодка.


Першы рэйд - і першы вынік. Але гэты поспех - толькі пачатак больш маштабнай аперацыі. У бліжэйшы час беспілотнік накіруецца ў Маладзечанскі, Вілейскі і іншыя раёны Мінскай вобласці.