На пошукі чатырохлапага сябра - усе намаганні

17 октября 2014
Мінчанін Валерый Міхалевіч на працягу амаль двух месяцаў бесперапынна шукае свайго сабаку Аліка. Але лістоўкі і аб'явы ў газетах пакуль не прынеслі ніякіх вынікаў. Больш за тое, мужчына гатовы заплаціць трыццаць мільёнаў рублёў таму, хто знойдзе яго сабаку.



Расказвае Наталля Кезік: У прытулак для жывёл ён заходзіць кожны дзень перад працай. Пенсіянер Валерый Міхалевіч амаль два месяцы шукае свайго сабаку Аліка. Фотаздымкі чатырохлапага сябра мужчына размясціў у Інтэрнэце, газетах і нават на тэлебачанні.
Валерый Міхалевіч, уладальнік сабакі: Я жыў працай і домам, дом у мяне быў, гадоў пяць назад памерла мая жонка, і я застаўся адзін. Сын мый жыве асобна са сваёй сям'ёй, і гэты сабачка Алік быў спадарожнікам у маім жыцці.
Дварняку Аліка Валерый Міхалевіч узяў з прытулку два гады таму. Новы гаспадар гадаванца вылечыў, адкарміў, атуліў апекай. У пустой кватэры Алік хутка стаў сябрам і кампаньёнам. Напрыканцы жніўня на час камандзіроўкі пакінуў чатырохлапага знаёмым. І на першай прагулцы сабака збег. Быў без павадка.
Каб не згубіць свайго гадаванца, спецыялісты раяць выводзіць гуляць сабак толькі на павадку. А лепш за ўсё чыпаваць жывёліну: мікракартка захавае ўсе неабходныя звесткі пра гаспадара.
Такія меры дапамогуць знайсці сабаку менш як за суткі. Але адказных гаспадароў у сталіцы пакуль не шмат. Сёлета з гарадскога прытулку забралі 127 згубленых жывёл.
Сяргей Кузкін, дырэктар ДП Фаўна горада: Усе жывёліны, якія трапляюць да нас, незалежна ад формы дастаўкі - адлавілі сабаку або прынеслі - трапляюць да нас на сайт. Чалавек, які згубіў сабаку, можа адразу звярнуцца да камп'ютара і ўбачыць, ёсць ён у нас або не.
Валерый і сёння ў прытулку свайго Аліка ў вальерах не знайшоў. А ўзяць новага чатырохлапага сябра лічыць здрадай любімаму сабаку.
Валерый Міхалевіч, уладальнік сабакі: Пакуль я не буду ведаць дакладна, што яго няма, альбо ў яго іншыя гаспадары, я іншага сабачку браць не буду, таму што я ведаю, што ён думае пра мяне, а я пра яго, і з майго боку гэта было б проста маральным злачынствам.
Але пры гэтым Валерый Міхалевіч не губляе надзею - спадзяецца, што знойдзе сабаку. І гатовы ў любы час атрымліваць інфармацыю пра месцазнаходжанне свайго Аліка. Нумар тэлефона гаспадара - 8-029-610-04-43. За вяртанне сябра пенсіянер гатовы аддзячыць матэрыяльна - падрыхтаваў грашовае ўзнагароджанне на трыццаць мільёнаў рублёў.