На пляцоўцы ля МТЗ паставілі сусветны рэкорд па трэк-пуле трактара

22 сентября 2017

Экстрэмальна, з мужчынскім характарам і ярка машынабудаўнічую тэму сёння падхапіла сталіца. На пляцоўцы ля МТЗ паставілі сусветны рэкорд па трэк-пуле трактара.

Дзмітрый Белайц працягнуў на 5 метраў 80 сантыметраў найноўшы трактар "Беларус". Атлет з'яўляецца не толькі майстрам спорту па дзюдо, але і гендырэктарам гандлёвага дома «МТЗ-Сібір».

І сёння ж на Мінскім трактарным заводзе ўрачыста адкрыўся новы музей прадпрыемства. Уся 70-гадовая гісторыя даступная ў падзеях, лічбах і людзях праз экспанаты, інтэрактыў і нават 5D-кінатэатр. Тут жа сёння падпісалі і два буйныя кантракты: 460 адзінак тэхнікі да канца года дадаткова адправяцца ў Азербайджан. Акрамя таго, ужо ў наступным годзе «МТЗ-Сібір» набудзе дзве з паловай тысячы трактароў «Беларус».

Лепшыя ж супрацоўнікі Мінскага трактарнага сёння атрымалі ўзнагароды ад кіраўніцтва завода і Міністэрства прамысловасці.