На грамадскае абмеркаванне вынесены новы праект аднаўлення двара за "Брамай Мінска"

11 июля 2017

Раней тут планавалі ўзвесці некалькі шматпавярховых дамоў. Але такія перспектывы не падтрымалі мясцовыя жыхары. Новы праект прадугледжвае рэканструкцыю старога будынка пад філіял 75-й гімназіі, а састарэлыя гаражы заменяць спартыўныя пляцоўкі. Але найбольш гарачыя спрэчкі выклікала ідэя будаўніцтва падземнага паркінга. Як зменіцца тэрыторыя за парадным уваходам сталіцы, раскажа Ян Пашкевіч.

Тады будаўнічага буму ў двары па вуліцы Свярдлова ўдалося пазбегнуць. Новыя будынкі не толькі б перанасялілі двор, але і змянілі архітэктурны выгляд - пляцоўка знаходзіцца адразу за брамай Мінска. Вырашыць праблему ўзяліся ў мэрыі.

Ніякага будаўніцтва, толькі добраўпарадкаванне - такую канцэпцыю атрымаў новы праект двара. Старыя гаражы плануюць знесці, а двухпавярховы будынак былога дзіцячага сада цалкам аднавіць.

У адноўленым будынку з'явіцца пачатковая школа 75-й гімназіі. Тут плануюць праводзіць не толькі заняткі для васьмі дадатковых класаў, але і размесцяць мастацкія студыі.

Побач жа з пачатковай школай размесцяцца спартыўныя пляцоўкі - фітнес у фармаце опен-эйр будуць асвойваць і школьнікі, і мясцовыя жыхары.

Сёння ж спартыўная пляцоўка побач з гімназіяй выглядае вось так - бетоннае поле для баскетбола і некалькі турнікоў.

Месца ж для міні-стадыёна з'явіцца пасля зносу старых гаражоў.

Гістарычнай славутасцю гэтыя гаражы не назавеш, але трапіць у аб'ектыў камеры турыста яны ўсё ж такі могуць - двор знаходзіцца за некалькі дзясяткаў метраў ад чыгуначнага вакзала.

Паркоўку ж плануюць апусціць на некалькі метраў пад зямлю - паркінг будзе разлічаны на 120 месцаў. Але, на думку мясцовых жыхароў, у такім выпадку дыхаць у двары не будзе чым, павісне смог ад машынных выхлапаў.

Унесці ж свае прапановы па абнаўленні параднага ўваходу ў беларускую сталіцу ўсе зацікаўленыя жыхары могуць да 20-га ліпеня - тады завершыцца грамадскае абмеркаванне праекта. Потым план дапрацуюць з улікам пажаданняў.