На тыдні беларусы віншавалі сваіх маці

19 октября 2019
Галоўны чалавек у жыцці. На тыдні беларусы віншавалі сваіх маці. 14 кастрычніка ў нашай краіне прысвечаны жанчынам, якія выхоўваюць дзяцей. Па традыцыі, у паўночным рэгіёне шматдзетным матулям уручылі ордэны Маці і ўшанавалі лаўрэатаў абласной прэміі Героя Савецкага Саюза Зінаіды Тусналобавай-Марчанкі. Жанчыны прыехалі з розных куткоў Віцебшчыны, у іх розныя сем'і, прафесіі, захапленні, але іх аб'ядноўвае галоўнае - мацярынства, у якім яны знайшлі і шчасце, і сваё прызванне. Тэму працягне Вольга Маслоўская. 

Дом сям’і Грудзінскіх стаіць на вуліцы Сонечнай. Але сонечным сямействам іх называюць не толькі па гэтай прычыне. Яны дружныя, актыўныя і пазітыўныя. Ні адзін сямейны конкурс у раёне не праходзіць без іх удзелу. Дзеці паказваюць добрыя вынікі ў вучобе, а дзверы дома заўсёды адкрыты для сяброў. І гэта ўсё дзякуючы маці Кацярыне - перакананы ў сям'і.

Кацярына Грудзінская - маці траіх дзяцей. Працуе зубным фельчарам у Верамееўскай амбулаторыі. Вольны час прысвечаны сям'і. Разам з дочкамі-школьніцамі праводзіць даследчыя работы, ходзіць у басейн. І заўсёды знаходзіцца час, каб стварыць чарговы кулінарны шэдэўр для сваіх мужчын - мужа Міхаіла і маленькага сына Паўліка.

Яны заўсёды разам, а дрэнны настрой - благі тон. Так што залатую восень сустракаюць не хандрой, а веласіпеднымі прагулкамі. Дзяцей у сям'і прывучаюць да працы: на падворку трымаюць птушак, а сняданкі ад Грудзінскіх-малодшых - кожныя выхадныя! Так што, мацярынская праца - самая ўдзячная, - кожны раз падкрэслівае наша гераіня.

Віншаванні не толькі ад сям’і прымала наша гераіня ў Дзень маці. Яна ў ліку 25-ці жанчын стала лаўрэатам абласной прэміі імя Героя Савецкага Саюза Зінаіды Тусналобавай-Марчанкі. 

Гэтая ўзнагарода заснавана ў рэгіёне ў 1987 годзе. Яна носіць імя мужнай медыцынскай сястры і маці, стаць якой франтавічка здолела насуперак атрыманым раненням. За гады існавання прэміі яе лаўрэатамі сталі 497 жанчын.

Падчас урачыстасцяў жанчынам, што нарадзілі і выхавалі пяцёра і болей дзяцей,  уручылі ордэны Маці. Узнагароду атрымалі сем прадстаўніц паўночнага рэгіёна. Але былі ў святочнай зале тыя, каму не важны ўзнагароды маці - гэта дзеці. Галоўнае для іх - любоў, якую матчына сэрца дорыць кожны дзень.