На мадэрнізацыю сістэмы адукацыі Беларусі Сусветны банк накіруе 50 мільёнаў долараў

24 сентября 2015

Пагадненне аб старце сумеснага праекта ўчора ў Мінску падпісалі міністр адукацыі нашай краіны і кіраўнік прадстаўніцтва Сусветнага банка ў Беларусі. Сродкі пойдуць на будаўніцтва і рамонт беларускіх школ, а таксама на закупку абсталявання. За пяць гадоў плануецца мадэрнізаваць 120 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі па ўсёй краіне. Гэта будуць школы ў сельскай мясцовасці і малых гарадах. Праект закране 25 000 навучэнцаў.

Міхаіл Жураўкоў, Міністр адукацыі Беларусі: "Будуць набывацца спецыяльныя класы фізікі, хіміі, біялогіі. Будзе ўмацоўвацца матбаза ў галіне інфармацыйных тэхналогій. Гэта вельмі добры і важны элемент. Яшчэ сродкі будуць накіраваныя на нашае міжнароднае супрацоўніцтва ў сферы школьнай сярэдняй адукацыі. Мы ўступілі ў міжнародную калабарацыю PISA".

Ян Чул Кім, кіраўнік прадстаўніцтва Сусветнага банка ў Беларусі: "Мне падабаецца сістэма адукацыі Беларусі. І я ўпэўнены, што ўдзел вашай краіны ў Міжнароднай праграме па ацэнцы адукацыйных дасягненняў, у прыватнасці, вынікі будучага даследавання пакажуць высокі міжнародны рэйтынг сістэмы адукацыі Беларусі".

Упершыню эксперты правядуць такую ацэнку ў 2018. Затым даследаванне будзе праходзіць кожныя тры гады. Яно праходзіць у выглядзе тэсціравання 15-гадовых навучэнцаў па трох кірунках: матэматычная, натуральнанавуковая і чытацкая адукаванасць.