На Мінскім трактарным заводзе адзначылі 71-ы дзень нараджэння

28 мая 2017

Віртуознае ручное кіраванне транспартам з лёгкасцю дэманструюць, напрыклад, на Мінскім трактарным заводзе, які адзначыў свой 71-ы дзень нараджэння.

Адзін з найбуйнейшых вытворцаў сельскагаспадарчай тэхнікі ў свеце, з калектывам больш за 17 000 чалавек, святкуе, як заўсёды, з размахам. Апроч выступлення расійскай зоркі, выканаўцы нашумелага хіта "Лабутэны" Алісы Вокс, арганізатары свята паставілі балет. Пад музыку Пятра Чайкоўскага з "Лебядзінага возера" піруэты выконвалі сем трактароў. У пастаноўцы прынялі ўдзел толькі самыя манеўраныя мадэлі - саліравалі так званыя баваўняныя трактары. Яны трохколавыя і выкарыстоўваюцца для апрацоўкі баваўняных палёў у Сярэдняй Азіі. Для выступлення перад публікай роўных ім таксама не аказалася.

На гэтым тыдні інтэрнэт-супольнасць ускалыхнула і яшчэ адно відэа, зробленае работнікамі трактарнага. Карпаратыўная каманда КВЗ зняла кліп-пародыю на паўсядзённае жыццё работнікаў завода, чым выклікала бурнае абмеркаванне ў сацсетках. Праўда, шматлікія "каментатары" раскрытыкавалі відэа, абвінаваціўшы аўтараў у нерацыянальным выкарыстанні рабочага часу.

У адным меркаванні дакладна сышліся - на МТЗ працуюць, безумоўна, творчыя людзі. Застаецца пажадаць крэатыву ў вытворчасці і продажы сваёй галоўнай прадукцыі.