На месцы былога канцэнтрацыйнага лагера ў Трасцянцы з'явіцца мемарыяльны комплекс

5 апреля 2014

Макет новага мемарыяла архітэктары напярэдадні прэзентавалі ў Мінску. Два стылізаваныя вагоны - Зала смерці і Зала жыцця, а яшчэ пантэон Брама смерці і Благаўшчына. Асноўная ідэя аўтараў - успомніць пайменна ўсіх, хто назаўжды застаўся ў Трасцянцы. Аляксей Радзівонаў - пра памяць.


Фрыда Рэйзман - вязніца мінскага гета, у Трасцянец прыязджае некалькі разоў на год. Менавіта ў гэтай вёсцы, паводле апошніх звестак, пахаваны яе брат, якога іх маці ласкава звала Мішачка.


За чатыры гады некалькі сотняў тысяч загінуўшых. Зараз, у тым ліку, і дзякуючы Фрыдзе Рэйзман, у памяць аб ахвярах канцлагера ў Трасцянцы з'явіцца новы мемарыяльны комплекс. Будаўніцтва яго плануюць пачаць ужо сёлета. І напярэдадні беларускія архітэктары прэзентавалі мастацкую ідэю помніка.


У памяць аб загінуўшых вязнях ужо ў наступным годзе тут з'явяцца два стылізаваныя вагоны. Адзін з іх - Зала жыцця мемарыяльнага комплексу, там будуць гісторыі і лёсы тых, хто назаўжды застаўся ў Трасцянцы. Другі - Зала смерці, дзе будуць таблічкі з імёнамі загінуўшых, на большай частцы з якіх будзе напісана невядомы.


Галоўным натхніцелем праекта стаў заслужаны архітэктар Беларусі Леанід Левін, які нядаўна пайшоў з жыцця. На працягу некалькіх гадоў ён з калегамі распрацоўваў вобраз мемарыяла. Галоўная задача - захаваць памяць пра кожнага. Сёння над комплексам працуе яго дачка.


Галіна Левіна, галоўны архітэктар праектаў Творчай майстэрні Левіна: Праект вельмі складаны. У гэтым такая трагічная ўнікальнасць Трасцянца. Тое, што ён аб'яднаў розныя лёсы, і задача архітэктараў - тых, хто працуе над гэтым комплексам, паказаць гэтыя розныя лёсы.


Усяго мемарыял збярэ ў сабе адразу некалькі памятных месцаў: так званы пантэон - будынак, дзе будзе некалькі пакояў, кожны з іх азначае канфесіі, ад якіх спрабавалі пазбавіцца фашысты. Далей - Брама памяці. Паводле задумы архітэктараў, гэта сімвал бессэнсоўнасці забойстваў і прыгнётаў. І Благаўшчына - месца, дзе заканчвалася жыццё вязняў.


Валянцін Рыбакоў, намеснік Міністра замежных спраў Беларусі: Агульная плошча тэрыторыі ўзрасла да 130 гектараў. Для параўнання: плошча Хатыні - 103 гектары. Гэта значыць, гаворка ідзе аб значнай тэрыторыі.


Паводле папярэдніх падлікаў, на будаўніцтва мемарыяла трэба парадку 10 мільёнаў еўра. Сёння разам з Беларуссю фінансуюць гэты праект яшчэ 10 краін.


Петэр Юнге-Вентруп, кіраўнік спраў Дортмундскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра (Германія): На дадзены момант мы сабралі парадку 500 тысяч еўра. У асноўным з тых гарадоў, з якіх у 1941 і 1942 гадах былі дэпартаваныя яўрэі ў Беларусь, дзе і былі знішчаныя.


Практычна ва ўсіх краінах, якія маюць дачыненне да трагедыі ў Трасцянцы, зараз працуюць ініцыятыўныя групы. Галоўная іх мэта - аднавіць імёны кожнага загінуўшага ў гэтым лагеры смерці. І ўжо гэтым летам на месцы будучага мемарыяльнага комплексу закладуць капсулу з імёнамі ахвяраў Трасцянца. Каб памяталі.










Зараз чытаюць

Рэкамендуемыя