Да ваеннага мінулага Беларусі сёння дакрануліся тысячы людзей, у тым ліку замежныя паслы. На "Лініі Сталіна" прайшла маштабная ваенна-гістарычная рэканструкцыя.
Сённяшняя рэканструкцыя прымеркаваная да свята Перамогі. Два дні на "Лініі Сталіна" - пастаноўкі бітваў, якія паўтараюць падзеі канца Вялікай Айчыннай, а менавіта - баявыя дзеянні ў Берліне 1945-га, калі Савецкая армія заняла сталіцу нацысцкай Германіі. Апроч вялікай колькасці гасцей з розных краін, сёння комплекс наведалі і замежныя паслы са сваімі сем'ямі. Тут жа пабываў і міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей. Ён адзначыў, што краіны, якія ў гады вайны апынуліся па розныя бакі барыкад, сёння не павінны ўспрымаць адна адну як ворагаў. Паводле слоў дыпламата, напярэдадні Дня Перамогі трэба яшчэ больш задумацца над сучаснымі пагрозамі.
Уладзімір Макей, міністр замежных спраў Беларусі: "У гэтыя дні, гледзячы на гэтыя падзеі, на рэканструкцыю гэтых баёў, мы павінны яшчэ больш задумацца над цяперашнімі выклікамі і пагрозамі, над тым, што пагражае чалавецтву. Гэта і тэрарызм, гэта і войны ў розных рэгіёнах планеты".
Савецкая і нямецкая тэхніка, форма салдатаў Другой сусветнай вайны і залпы артылерыйскіх прылад - тэматычныя пастаноўкі працягнуцца і 9-га мая. Дарэчы, у Дзень Перамогі "Лінію Сталіна" наведаюць і ўдзельнікі чэмпіянату свету па муай-тай, а гэта прадстаўнікі 67 краін.