На летняй карце Мінска з'явіліся новыя месцы для актыўнага адпачынку на вадзе

10 августа 2016

Вадалёты, вэйкборды, флайборды і гідрацыклы… На летняй карце Мінска з'явіліся новыя месцы для актыўнага адпачынку на вадзе. Бадай, самыя цікавыя прапановы – на беразе Мінскага мора. Тут можна адчуць сябе ў якасці капітана марскога судна, правесці рамантычны ўікэнд, сустрэць світанак ці арыгінальна адсвяткаваць вяселле. Матэрыял з-пад паруса – Аляксандры Драгун.

Лунаць над воднай роўняддзю Андрэй Кабанаў навучыўся сёлета, калі асядлаў вадалёт! Дзіўны сродак перамяшчэння без крылаў і педаляў, хоць здалёк нагадвае веласіпед. У рух вадалёт або водны самакат прыводзіць мускульная сіла чалавека. За тыдзень заняткаў сам заканадаўца фітнес-ноу-хау пахудзеў на 6 кілаграмаў.

Пілот, які кіруе такім апаратам, рытмічна падсквоквае - такім чынам перадае нагрузку ад ног на так званае задняе крыло. Палятаць над вадой прапаноўваюць як падчас адпачынку на пляжы Мінскага мора, так і, напрыклад, падчас актыўнага карпаратыву. У парку 5 вадалётаў даступныя для арэнды на асабістыя святы.

Вэйкборды, яхты, катары, катамараны і водныя лыжы… Сёлета на летняй карце Мінска з'явіўся новы комплекс для актыўнага адпачынку на вадзе. Размяшчаецца ён сярод маляўнічых пейзажаў вадасховішча Дразды і працуе штодзень да дзесяці вечара.

Ад простай паруснай дошкі да сапраўднага дома на вадзе – парусна-маторнай яхты з камбузам, каютай на некалькі чалавек і поўным комплексам дэвайсаў. На моры ў прыгарадзе сталіцы прапаноўваюць адчуць сябе ў якасці капітана марскога судна, правесці рамантычны ўікэнд, сустрэць світанак ці арыгінальна адсвяткаваць вяселле.

Мінскае мора – выдатнае месца як для павольнага праменаду на катамаранах, так і для гонак на яхтах. Тут таксама навучаць кіраваць суднам ці падбяруць лодку на любы густ і для розных падзей. Для кампаніі ў 12 чалавек – цеплаход «Дзядзька Фёдар», для адзіночнага плавання – яхта класа мікра.

Пункты пракату лодак і катамаранаў ёсць і ў сэрцы сталіцы. На Нямізе – самы багаты прычал. А ў парку Янкі Купалы можна адправіцца ў круіз на мініяцюрным "Фальксвагене-Жук" - электракатамаране, які нагадвае аўтамабіль.