На Кургане Славы праходзяць урачыстыя мерапрыемствы

3 июля 2019

Акцыя "Беларусь памятае" сёння разгарнулася па ўсёй краіне. З раніцы ў цэнтральным рэгіёне нясуць кветкі да манументаў як у буйных гарадах, так і невялікіх вёсках і пасёлках.

Патрыятычную эстафету ў Дзень Незалежнасці ў ліку першых падхапілі ў Смалявіцкім раёне. У гэтыя хвіліны на Кургане Славы знаходзіцца наш карэспандэнт Надзея Сербіненка, яна выходзіць з намі на прамую сувязь (прамое ўключэнне). Сёння, вядома, ветрана, я б нават сказала, не па-ліпеньску халаднавата, але надвор'е ніяк не магло парушыць планаў тых, хто сёння, у свой выхадны, вырашыў прыехаць сюды, на Курган Славы, каб ушанаваць памяць загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны. У цэлым мемарыяльны комплекс у Смалявіцкім раёне за маёй спінай - знакавае, гістарычнае месца для цэнтральнага рэгіёна. Ён не толькі сустракае ўсіх гасцей сталіцы, таму што знаходзіцца па шляху з аэрапорта. Менавіта ў гэтых месцах у ліпені 1944 года праводзілася найбуйнейшая наступальная аперацыя "Баграціён". У акружэнне патрапіла 150-тысячная групоўка фашысцкіх войскаў. Пазней гэтая падзея атрымала назву "Мінскі кацёл". Разгром нямецкай арміі тут стаў яшчэ адным вялікім крокам на шляху да вызвалення Беларусі. А ў 1969 годзе ў гэтым месцы быў адкрыты мемарыяльны комплекс. У аснове ўзгорка закладзеная зямля гарадоў-герояў СССР. Тысячы людзей зрабілі свой уклад у стварэнне помніка і прынеслі сюды па жмені зямлі з розных населеных пунктаў, пацярпелых падчас вайны.

На вяршыні ўзгорка стаяць чатыры штыкі. Яны сімвалізуюць фронты, якія змагаліся за вызваленне Беларусі.

Гэта наша гісторыя, якую мы забыць не можам і не павінны. Менавіта таму сёння тут сабраліся жыхары Смалявіч і суседніх вёсак, таксама прадстаўнікі працоўных калектываў, мясцовыя дэпутаты, каб ушанаваць памяць загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны. У гэтых месцах многія страцілі сваіх дзядоў, прадзедаў, і гэта ўжо асабістая трагедыя для кожнай асобнай сям'і. Сёння кветкі да падножжа абеліска ўскладзеныя як даніна памяці тым падзеям. Паглядзім невялікія інтэрв'ю, якія мы запісалі тут з прысутнымі людзьмі (відэа).

А я дадам, што сёння, у Дзень Незалежнасці, па ўсёй Мінскай вобласці пройдуць мерапрыемствы акцыі "Беларусь памятае. Памятаем кожнага". Добрым завяршэннем выхаднога дня для жыхароў цэнтральнага рэгіёна стане вялікі святочны канцэрт, які сёлета пройдзе ў Нясвіжы. У раённым цэнтры таксама спяюць гімн разам. На гэтым у мяне ўсё!