"На кантролі Прэзідэнта". Аграгарадкі. У сераду на "Беларусь 1"

11 ноября 2018

Супрацоўнікі дзяржкантролю зацікавіліся сітуацыяй адразу ў некалькіх аграгарадках Брэсцкай і Гродзенскай абласцей. На працягу некалькіх гадоў без гаспадароў застаюцца так званыя прэзідэнцкія дамы.

Жыллё, пабудаванае па дзяржпраграме адраджэння і развіцця вёскі, па незразумелых прычынах застаецца незаселеным у Столінскім раёне, на поўдні краіны. Там жа інспектары паставілі на кантроль яшчэ адзін закінуты аб'ект. Былы Дом культуры зараз больш нагадвае разваліны, але чамусьці з новымі шклопакетамі…

Тэма аграгарадкоў стане ключавой у наступным выпуску праекта Агенцтва тэленавін "На кантролі Прэзідэнта". Бо парадак на зямлі і годныя ўмовы для жыцця і адпачынку - галоўныя арыенціры, якія паставіў перад мясцовымі ўладамі Кіраўнік дзяржавы.

Як беларуская вёска за 15 гадоў з неперспектыўнай ператварылася ў адну з ключавых крыніц прыбытку краіны? І ці магчыма супрацьстаяць сусветнаму працэсу - урбанізацыі - і прыпыніць адток кадраў з вёскі ў горад? Рэальныя гісторыі вясковых жыхароў і меркаванні экспертаў - у наступную сераду ў эфіры "Беларусь 1".